Гандаль Віцебскай вобласці за кошт рэкламных акцый у 2009 годзе дадаткова ўцягнуў у абарот Br13 млрд.

12 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Прадпрыемствы гандлю Віцебскай вобласці за кошт правядзення рэкламных акцый у 2009 годзе дадаткова ўцягнулі ў абарот амаль Br13 млрд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю Віцебскага аблвыканкама. У вобласці штотыдзень на працягу ўсяго года праводзіліся пашыраныя кірмашы-распродажы тавараў па зніжаных цэнах, арганізавана каля 1,5 тыс. выставак-продажаў кулінарных і кандытарскіх вырабаў, на якіх рэалізавана тавараў на суму амаль Вr2 млрд. Нарошчванню тавараабароту спрыяла таксама змяненне графікаў работы гандлёвых аб'ектаў. У гарадах і райцэнтрах рэгіёну працуюць звыш 60 крам з кругласутачным рэжымам работы. Кожнае чацвёртае прадпрыемства гандлю і грамадскага харчавання працягнула рэжым работы або перайшло на рэжым работы без выхадных дзён. Ва ўпраўленні гандлю адзначылі эфектыўную работу нядаўна створаных дысконтных крам, якія рэалізуюць тавары па больш нізкіх цэнах за кошт памяншэння гандлёвых надбавак. Напрыклад, тавараабарот дысконтнай крамы ААТ "Ніка" у Віцебску ўзрастаў у пяць разоў, у такой жа краме Полацкай універсальнай базы ён павялічыўся больш чым у тры разы. Яшчэ звыш паўсотні крам вобласці ўкараняюць дысконтную палітыку, прадастаўляючы зніжкі ў залежнасці ад аб'ёму пакупкі. Па выніках 2009 года аб'ём рознічнага тавараабароту ў супастаўных цэнах склаў 102,9%. У надыходзячым годзе перад гандлем пастаўлена задача павялічыць рознічны тавараабарот да ўзроўню 2009 года не менш чым на 14%. -0-