Гандлёва-забаўляльны цэнтр у Віцебску стаў адным з найлепшых аб'ектаў будаўнічай індустрыі краіны

Торгово-развлекательный центр в Витебске стал одним из лучших объектов стройиндустрии страны

Гандлёва-забаўляльны цэнтр на Маскоўскім праспекце ў мікрараёне Білева ў Віцебску стаў адным з прыкметных аб'ектаў па выніках конкурсу "На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2014 год".

Праект самага вялікага ГЗЦ у абласным цэнтры распрацаваны віцебскім ТАА "Сіці-Архплюс", генеральным падрадчыкам выступіла ТАА "Балтінжынірынг".

У мінулым годзе ўвялі ў эксплуатацыю першую чаргу аб'екта. Яна ўключае надземны пераход, які звязаў гандлёвы цэнтр з буйным жылым мікрараёнам. Прадпрыемствы-стваральнікі ГЗЦ узнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў конкурсу.

У намінацыі "Аб'ект года" адзначана таксама фабрыка па вытворчасці кандытарскіх вырабаў у Аршанскім раёне і КУП "Упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама" і будаўніча-мантажны цягнік № 724 ААТ "Трэст Белтрансбуд", якія працавалі над ёй.

Усяго на штогадовым конкурсе, які падводзіць вынікі работы будаўнічага комплексу краіны, у гэты раз узнагародзілі 11 прадстаўнікоў будаўнічай галіны Віцебшчыны. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў адбылася ў Мінску.

Так, у намінацыі "Арганізацыя года" ў катэгорыі "Праектныя арганізацыі" ганаровы дыплом прысуджаны АГУПП "Інстытут Віцебскграмадзянпраект".

"Экспарцёрам года" прызнана ААТ "Кераміка". Прадпрыемству ўручаны ганаровы дыплом у катэгорыі "Прадпрыемствы прамысловасці будаўнічых матэрыялаў".

У 2014-м "Кераміка" выпусціла 152,9 млн штук умоўнай цэглы, з іх 76% адгружана на экспарт. Асноўны рынак збыту – Расія, віцебская цэгла пастаўляецца ў 32 рэгіёны суседняя краіны. Упершыню ў мінулым годзе прадукцыя завода адправілася ў Саратаўскую вобласць і Улан-Удэ, у два разы выраслі адгрузкі ў Іркуцк, у 5 разоў – Ніжагародскую вобласць. Усяго аб'ём экспарту склаў 20,8 млн долараў.

У гэтай жа намінацыі адзначаны Аршанскі камбінат будаўнічых канструкцый і дэталей ААТ "Трэст Белтрансбуд". Прадпрыемства займаецца вытворчасцю жалезабетонных вырабаў, пры гэтым пастаянна абнаўляючы вытворчыя магутнасці і пашыраючы спіс прадукцыі, што, несумненна, прыцягвае новых кліентаў, у тым ліку і замежных. Па выніках 2014-га экспарт тут дасягнуў 40% і вырас у параўнанні з мінулым годам на 139%.

Сярод праектных арганізацый у намінацыі "Экспарцёр года" дыпломам лаўрэата ўзнагароджаны "Інстытут Віцебсксельбуд", які распрацаваў праекты жылых кварталаў у Пскоўскай вобласці, збожжасушыльнага комплексу ў Тамбоўскай, а таксама выканаў інжынерныя вышуканні ў горадзе Таропец Цвярской вобласці. У цэлым экспарт паслуг склаў 728,4 млн рублёў.

Дыплом лаўрэата ў намінацыі "Тэхналогія года" заваяваў Аршанскі механічны завод "Металіст" за распрацоўку формаў стоек СВ95 з механічным нацяжэннем падоўжнай арматуры. Дарэчы, прадпрыемства не першы год адзначаюць на конкурсе за тэхналагічныя і кіраўніцкія рашэнні, якія дапамагаюць удасканальваць будаўнічую галіну.

Не засталася без увагі праца будаўнікоў, задзейнічаных у падрыхтоўцы Гарадка да правядзення фестывалю працаўнікоў вёскі "Дажынкі". У намінацыі "Развіццё рэгіёнаў малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў" ганаровым дыпломам узнагароджана ААТ "Будаўнічы трэст №9 горада Віцебска" за рэканструкцыю будынка кінатэатра "Радзіма" пад культурна-дасугавы цэнтр. У гэтай жа намінацыі дыплом лаўрэата дастаўся будаўніча-мантажнаму цягніку №715 ААТ "Трэст Белтрансбуд" за рэканструкцыю аўтастанцыі ў Гарадку.

Як адзначыў намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Дзмітрый Фамін, штогод спецыялісты нашай вобласці ў ліку лідараў конкурсу. Не стаў выключэннем і 2014-ы. Нягледзячы на фінансавыя складанасці, якія перажывае эканоміка, будаўнікі працягваюць вырашаць пастаўленыя задачы.

Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"