Гандлёвыя прадпрыемствы Віцебска набылі навагодніх упрыгожванняў і цацак больш чым на Br320 млн.

8 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Амаль 70 тыс. бутэлек шампанскага ўжо запасла гандлёвая сетка Віцебска ў чаканні навагодніх і калядных святаў, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення гандлю, грамадскага харчавання, тавараў і паслуг Віцебскага гарвыканкама Ірына Супрун. Для бесперабойнага гандлю ў перадсвяточныя і святочныя дні шампанскага назапашана на 1 тыс. дал больш, чым планавалася раней. Каля 70 т кулінарных і кандытарскіх вырабаў прыгатуюць прадпрыемствы грамадскага харчавання да навагодняга стала, а для гэтага 15 кандытарскіх і кулінарных цэхаў павялічаць зменнасць працы. Як запэўніла Ірына Супрун, ніводная ёлка не застанецца без новага ўбору. Гандлёвымі арганізацыямі закуплена ёлачных упрыгожванняў, навагодніх сувеніраў больш чым на Br320 млн. Купіць лясную прыгажуню можна будзе на адным з 15 ёлачных базараў, якія пачнуць працаваць ужо з 19 снежня. Падарункі сваім блізкім і сябрам можна знайсці на калядных распродажах і кірмашах. Зніжкі на тавары прапануюць амаль усе гандлёвыя прадпрыемствы вобласці. І калі на малочную прадукцыю яны складуць ад 3% да 7%, то на каўбасныя вырабы - ад 8% да 20%. -0-