Урачыстасці да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага жывапісца І.Хруцкага пройдуць 4-5 верасня ў Полацку
31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Хруцкага, імя якога занесена ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА 2010 года, адбудуцца 4-5 верасня ў Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Беларусі Святлана Шыцікава.
У праграме мерапрыемстваў 4 верасня запланаваны экскурсійны агляд помнікаў і музеяў горада Полацка. Праграма разлічана на дзве гадзіны. Затым адбудзецца адпраўленне на могілкі ў вёску Захарнічы, дзе пахаваны мастак Іван Хруцкі, урачыстае ўскладанне кветак да магілы майстра. Увечары ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адбудзецца адкрыццё выставы, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння Івана Хруцкага. Завяршальным мерапрыемствам праграмы стане легендарная пастаноўка "Паўлінка" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якой адкрыецца 91-ы тэатральны сезон.
Праграма 5 верасня пачнецца з працы міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння Івана Хруцкага. Канферэнцыя таксама пройдзе ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Удзельнікамі сустрэчы стануць прадстаўнікі Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г.Масква), Дзяржаўнага Рускага музея (г.Санкт-Пецярбург), Дзяржаўнага комплексу "Палац кангрэсаў" (г.Санкт-Пецярбург), Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Як і ў папярэдні вечар, на сцэне ў ТАА "Полацк-Шкловалакно" адбудзецца спектакль - купалаўцы прадставяць пастаноўку "Вечар" па п'есе Аляксея Дударава.
Мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю з дня нараджэння беларускага жывапісца Івана Хруцкага, стануць яшчэ адной старонкай рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010 года - г.Полацк", якая пачалася 21 студзеня 2010 года.
З пачатку года ў культурнай сталіцы адбыліся выступленні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з праграмамі "Вечар старадаўняга раманса", "Шэдэўры апернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі", Нацыянальнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча, Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі", саліста Белдзяржфілармоніі Канстанціна Шарова (орган). У выставачнай зале Полацкай мастацкай галерэі прайшлі выставы літаграфій "Напалеон Арда і наша мінулае" з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, "Польскае выяўленчае мастацтва XVIII-XX стагоддзяў" з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, у Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава жывапісу і графікі праўнучкі Івана Хруцкага Ядвігі Мацееўскай з фондаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Гэты год таксама адзначаны адкрыццём у Полацку помніка Героям вайны 1812 года.-0-