Урачыстасці з нагоды 70-годдзя вызвалення раёна пройдуць 8-10 кастрычніка ў Лёзне

Урачыстасці з нагоды 70-годдзя вызвалення Лёзненскага раёна (Віцебская вобласць) пройдуць 8-10 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у райвыканкаме.

Старт мерапрыемствам будзе дадзены сёння ў Лёзне ў раённым ваенна-гістарычным музеі. Тут адбудзецца урачысты прыём у акцябраты малодшых школьнікаў. Затым каля вёскі Рублёва-2 будзе адкрыты мемарыяльны знак у памяць аб байцах Чырвонай Арміі, якія загінулі ў гэтых месцах у 1941 і 1943 гадах.

А 9 кастрычніка будзе адкрыты экскурсійны маршрут па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны "Кальцо памяці і славы". Маршрут праходзіць па самых знакавых мясцінах раёна, якія звязаны з падзеямі вайны. Пачынаецца ён на Цэнтральных воінскіх пахаваннях Лёзна (тут спачываюць каля 1,4 тысячы салдат Савецкай Арміі), захоплівае Стасеўскія афіцэрскія могілкі (адзіныя ў Беларусі, дзе пахаваны толькі афіцэры) і вялікія воінскія пахаванні ў аграгарадку Крынкі. Завяршаецца лёзненскае "Кальцо памяці і славы" на мемарыяльным комплексе "Ціхмянаўская вышыня". Тут адбудзецца мітынг і ўрачысты прыём у члены БРСМ старэйшакласнікаў раёна.

У гады вайны "Ціхмянаўская вышыня" была безыменнай вышынёй. На гэтым месцы батарэя савецкіх артылерыстаў з 38 чалавек на працягу 14 гадзін стрымлівала наступленне значна пераўзыходзячых сіл праціўніка (больш за 800 чалавек). Калі да артылерыстаў паспела дапамога, то загінулых немцаў налічылі 259, савецкія воіны страцілі 8 баявых таварышаў. Двум артылерыстам - Ціхмянову Л.П. і Багамолаву С.А. - за гэты бой прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза.

Асноўныя мерапрыемствы пройдуць непасрэдна ў дзень вызвалення, 10 кастрычніка. Так, запланавана сустрэча кіраўніцтва раёна з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, шэсце ветэранаў і жыхароў да Цэнтральных пахаванняў. Тут адбудуцца мітынг і цырымонія ўскладання кветак да магіл воінаў-вызваліцеляў і мемарыяла "Танк". Таксама ў праграме - урачысты сход, святочны канцэрт, паказ тэматычных мастацкіх фільмаў, акцыя "Заспяваем гімн разам". Завершаць урачыстасці маляўнічы феерверк і дыскатэка.

На тэрыторыі Лёзненскага раёна лінія фронту стаяла дзевяць месяцаў, тут размешчаны больш за 83 улічаных воінскіх пахаванняў, дзе спачываюць каля 30 тысячаў чалавек.

Алена Ціханава