Урачыстасці з нагоды каранацыі абраза Уладычыцы Азёр пачаліся ў Браславе
21 жніўня, Браслаў /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сустрэчай братніх культур Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі пачаліся ў Браславе царкоўныя ўрачыстасці з нагоды ўскладання кароны Папы Рымскага на абраз Божай Маці Браслаўскай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Абраз Божай Маці Браслаўскай стане першым каранаваным абразом у Віцебскай вобласці. Малітоўныя чуванні з нагоды ўскладання Папскай кароны на шанаваны абраз, які яшчэ называюць Маці Божай Валадаркай Азёр, праходзяць пад дэвізам "Малітоўная сустрэча культур Каралевы Азёр". Разам з прэзентацыяй культур суседніх дзяржаў на працягу ўсёй ночы ў касцёле Нараджэння Маці Божай, дзе знаходзіцца каранаваны абраз, будуць праходзіць царкоўныя службы. Адну з іх прысвецяць асвячэнню копіі абраза Маці Божай Валадаркі Азёр, якая будзе перададзена ў касцёл польскага горада Мронгова. Па словах пробашча браслаўскага касцёла ксяндза Адама, менавіта ў гэтым горадзе жыве шмат выхадцаў з Браслава і Браслаўскага раёна, якія таксама, як і іх землякі, асабліва шануюць гэты абраз.
Урачыстая Святая імша з каранацыяй адбудзецца 22 жніўня. Яе ўзначаліць кардынал Ёахім Майснер, мітрапаліт Кёльнскі. Цырымонія пройдзе на часовым алтары ў форме карабля, пабудаваным у двары касцёла Нараджэння Маці Божай. Як патлумачылі святары, зроблена гэта для таго, каб як мага больш вернікаў маглі назіраць за гэтай знамянальнай падзеяй. Толькі паломнікаў у Браславе ў гэты дзень чакаюць каля 10 тыс. чалавек. Госці прыедуць не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША.
Абраз Браслаўскай Багародзіцы вядзе сваю гісторыю ад мужчынскага манастыра базыльянаў, заснаванага ў XV стагоддзі на востраве возера Неспіш, і лічыцца галоўнай хрысціянскай святыняй Азёрнага краю. КараНацыя абраза для Ватыкана з'яўляецца прызнаннем цудоўнай сілы абраза, і пра такія ўласцівасці Браслаўскага абраза сведчаць хронікі Рымска-каталіцкай царквы 1774 года.
Каранаванне абразоў Багародзіцы ў каталіцкай царкве звязана з багаслоўскімі сцвярджэннямі аб тым, што Дзева Марыя з'яўляецца Каралевай Нябес. Прыватныя выпадкі каранавання цудоўных абразоў і скульптур Багародзіцы зафіксаваны яшчэ ў VIII стагоддзі. З XVII стагоддзя гэты звычай стаў выключнай папскай прывілеем. Першым абразом, каранаваным папскай каронай, стаў у 1631 годзе абраз Маці Божай у сакрысціі (рызніцы) базылікі Святога Пятра ў Рыме.
У гісторыі сучаснай Беларусі папскімі каронамі былі каранаваны шэсць абразоў Маці Божай: Берасцейскай у 1996 годзе, Будслаўскай - у 1998-м, абраз Беззаганнага зачацця Божай Маці ў Мінску - у 2005 годзе, Маці Божай Кангрэгацкай - 2005-м, у 2007 годзе каранаваны абраз Маці Божай Гудагайскай, Тракельскі абраз Божай Маці атрымаў пацвярджэнне сваёй цудоўнай сілы ў 2009 годзе.-0-