Урачыстая цырымонія адкрыцця Віцебскага гарадскога ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» прайшла ў сярэдняй школе № 40 імя М. М. Громава

Заняткі для 20 навучэнцаў школы ў клубе пачаліся яшчэ 1 снежня. Праходзяць яны два разы на тыдзень: ва ўстанове адукацыі і ў часці. Працуе ён на базе воінскай часці 5524.

Пачалося свята з прэзентацыі школамі раёна дзейнасці сваіх ваенна-патрыятычных музеяў. Ваеннаслужачыя арганізавалі выставу ваеннага узбраення.

Прысутных прывіталі госці свята начальнік упраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення камандзіра ўнутраных войскаў палкоўнік Аляксандр Станчук, старшыні абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў і Уладзімір Белякевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, начальнік аддзела па адукацыі гарвыканкама Ігар Кіруценка і іншыя.

Як адзначыў Аляксандр Станчук, гэта шосты клуб такога профілю, адкрыты на базе часцей унутраных войскаў:

— Трэба сказаць, што гэта добрая школа жыцця, у клубе рабяты могуць на павышаным узроўні прайсці дапрызыўную падрыхтоўку. Атрыманыя веды спатрэбяцца тым, хто вырашыць паступаць у профільныя навучальныя ўстановы, звязаць жыццё з ваеннай справай. Школьнікі бліжэй пазнаёмяцца з тэорыяй, але ўсё ж большы акцэнт будзе зроблены на практычныя заняткі. Да іх у рабят асаблівая, жывая цікавасць.

Навучэнка Вераніка Коршакава расказала, што дзяўчаты, хоць іх у клубе вельмі мала, цалкам спраўляюцца з пастаўленымі задачамі не горш за хлопцаў. Больш за ўсё Вераніцы падабаецца разбіраць і збіраць зброю. Яна прызналася, што заняткі загартавалі характар, і, быць можа, у будучыні яна падумае пра ваенную службу.

— У «Віцязе» школьнікі атрымаюць сапраўдныя ўрокі любові да Радзімы, — адзначыў Уладзімір Церанцьеў. — А выхаванне патрыётаў — адна з нашых самых галоўных задач. Так, за гэты год чатырнаццаці школам вобласці былі прысвоены імёны герояў, па дваццаці дзвюм вядзецца актыўная работа ў гэтым напрамку.

Як распавёў камандзір часці палкоўнік Аляксей Кулік, у планах — адкрыццё яшчэ трох ваенна-патрыятычных клубаў у месцах дыслакацыі падраздзяленняў брыгады: у Оршы («Віцязь»), Полацку («Рубеж») і Наваполацку («Сокал»).

"Віцьбічы"