Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Святу працы, адбылося ў Віцебскай абласной філармоніі

Торжественное мероприятие, посвященное Празднику труда, состоялось в Витебской областной филармонии
– Праца заўсёды была высакароднай, прыносіла славу тым, хто працаваў на стварэнне. І сёння тут сабраліся менавіта такія людзі, прадстаўнікі розных галін: ад гандлю і банкаўскай сферы да будаўніцтва і сувязі. Быць лепшымі – гэта заўсёды нагода для гонару вашых родных і тых калектываў, якія вы прадстаўляеце, – адзначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. – Віншую ўсіх з вясновым, некалькі забытым, але зноў набіраючым абароты святам працы. Жадаю мірнага неба, і хай у вас усё атрымаецца.

Аляксандр Субоцін і старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Юрый Дзеркач уручылі ўзнагароды 17 лаўрэатам абласнога конкурсу прафмайстэрства «Майстар года Віцебшчыны – 2023».

– Як ніколі актуальныя словы лозунга «Мір. Праца. Май», адзначыў Юрый Дзеркач. – Тое, што сёння мы жывём пад мірным небам у суверэннай незалежнай краіне, заслуга ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікоў тылу і тых, хто за гэта аддаў сваё жыццё. У нашай вобласці пражывае каля 130 ветэранаў, жывых сведкаў генацыду беларускага народа і злачынстваў фашыстаў. Мы маем унікальную магчымасць сказаць дзякуй удзельнікам гэтай страшнай вайны за іх подзвіг.

Мы шануем тых, хто аднаўляў разбураную народную гаспадарку ў пасляваенны час, у сучаснай суверэннай незалежнай Беларусі, стварыў эканоміку нашай дзяржавы.

Па словах Юрыя Дзеркача, патрэба працаваць фарміруецца не за адзін дзень, як і патрыятызм. Гэта карпатлівая праца многіх пакаленняў. Гордасць Аршанскага льнокамбіната – дынастыя Арлоўскіх, якая 19 ліпеня 2023 года адзначыла 500 гадоў агульнага працоўнага стажу. 130 гадоў прысвяціла дынастыя Несцеровічаў развіццю транспартнай галіны нашага рэгіёну. 110 гадоў агульны стаж у аграпрамысловым комплексе дынастыі Валянтовых. Іх працоўныя дасягненні ўпісаны ў гісторыю Віцебскай вобласці і краіны.

ДАРЭЧЫ Толькі ў 2023 годзе было створана 223 першасныя прафсаюзныя арганізацыі.

– Кожны з нас ва ўмовах міру на сваім працоўным месцы павінен унесці максімальны ўклад у дабрабыт Віцебшчыны і Рэспублікі Беларусь, – сказаў Юрый Дзеркач. – Адказнасць за працу – гэта адказнасць за сям'ю, дзяцей, блізкіх і родных, за наша будучае і сучаснасць.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся святочны канцэрт, падрыхтаваны калектывамі мастацкай самадзейнасці і прафесійнымі артыстамі.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"