Урачыстае адкрыццё акцыі "Культурная сталіца Беларусі" адбудзецца ў Полацку 21 студзеня

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё акцыі "Культурная сталіца Беларусі" адбудзецца ў Полацку 21 студзеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла памочнік міністра культуры Беларусі Святлана Шыцікава. Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай правядзення акцыі "Культурная сталіца Беларусі" з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, далейшага развіцця і ўзбагачэння культурнага жыцця рэгіёнаў, актывізацыі мясцовых грамадскіх ініцыятыў па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці, турыстаў. Разгледзеўшы прапановы з абласцей, Міністэрства культуры прыняло рашэнне ганаровае права насіць тытул "Культурнай сталіцы Беларусі 2010 года" прадаставіць Полацку як гісторыка-культурнаму і духоўнаму цэнтру беларускай зямлі. Статус культурнай сталіцы прадугледжвае, што на працягу года ў горадзе разам з традыцыйнымі і новымі гарадскімі мерапрыемствамі адбудуцца выставы лепшых мастакоў Беларусі, канцэрты вядучых творчых калектываў, спектаклі лепшых тэатраў краіны, прэм'еры беларускіх фільмаў, творчыя сустрэчы. Усё гэта будзе вылучаць Полацк як культурную сталіцу года. Горад мае неабходную для правядзення мерапрыемстваў базу і вопыт іх арганізацыі, зацікаўленасць кіраўніцтва і грамадскасці. У час афіцыйнай сустрэчы ў Полацкім гарвыканкаме з удзелам міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Леаніда Кавалёва, старшыні Полацкага гарвыканкама Уладзіміра Точылы, кіраўнікоў абласных і рэспубліканскіх устаноў культуры будзе зацверджаны сумесны гадавы план мерапрыемстваў па правядзенні акцыі. Цырымонію ўрачыстага адкрыцця акцыі "Культурная сталіца Беларусі" працягне выступленне Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" ў Полацкім гарадскім Палацы культуры, ансамбля "Класік-Авангард" у Сафійскім саборы. У гарадской Мастацкай галерэі адбудзецца адкрыццё выставы літаграфій Напалеона Орды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Запланавана таксама перадача музеям горада мастацкіх твораў з фондаў Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. На працягу года ў Полацку плануюцца выстава карцін Івана Хруцкага, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння мастака, і выстава беларускіх сучасных мастакоў. Выстава кніг Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе ў Музеі беларускага кнігадрукавання з нагоды 20-годдзя адкрыцця музея. Праграма "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі" прагучыць у выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Полацк стане пляцоўкай для канцэртных праграм міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". У плане мерапрыемстваў гастролі і канцэртныя выступленні вядучых творчых калектываў Беларусі, фестывалі, конкурсы, кінапрэм'еры. У канцы года ў Мінску адбудзецца прэзентацыя горада Полацка як культурнай сталіцы 2010 года.-0-