Урачыстае адкрыццё «Славянскага базару-2014»

Торжественное открытие «Славянского базара-2014»

Пад прыцэлам соцен фота- і відэакамер знаходзіўся Летні амфітэатр падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Свята славянскай культуры сабрала ў горадзе на Дзвіне прадстаўнікоў 29 дзяржаў свету. Удзел Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў гала-канцэрце адкрыцця – непарушная традыцыя. У сваім выступленні ён адзначыў, што за гады існавання дадзенага форуму ў свеце не раз змянялася мода на мастацкія напрамкі і стылі. Канула ў Лету нямала праектаў, якія спачатку гучна заявілі пра сябе.

– А наш «Славянскі базар», які пачынаўся са сціплага песеннага конкурсу, вырас у сапраўдную творчую Алімпіяду, дзе дэманструюць свае дасягненні прадстаўнікі розных відаў мастацтва, – сказаў Прэзідэнт. І дадаў, што адна з галоўных ідэй фестывалю – з дапамогай мастацтва наводзіць масты дружбы паміж людзьмі і спрыяць захаванню нацыянальнай разнастайнасці. Гэта свята для ўсіх, хто сваёй творчасцю робіць жыццё прыгажэйшым і дабрэйшым. Для ўсіх, хто ўмее шанаваць прыгажосць, талент і арыгінальнасць.

– «Славянскі базар» – гэта адно з тых месцаў, дзе мы можам яшчэ раз пацвердзіць сваё імкненне быць разам, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Свята захоўваць звязваючыя нас шматвяковыя повязi, заснаваныя на агульнасці гістарычных шляхоў, блізкасці моў і культур. Чым больш у нас будзе такіх форумаў еднасці, тым больш мы будзем адзіныя. Так, я намякаю на Украіну, але яшчэ раз хачу падкрэсліць – ніякай вайны народаў сёння няма. Народ з народам не ваюе ва Украіне: з беларусамі, рускімі і гэтак далей.

Па словах Прэзідэнта, ёсць несумленныя палітыкі, якія некалі недаацанілі гэтае адзінства і яго важнасць. З'явілася расколіна, у якую пралезлі нашы праціўнікі і ворагі, і яны сёння сутыкаюць народы, спрабуюць распаліць братазабойчую вайну, уцягнуць у гэты вір галоўнае ядро славянства: рускіх, беларусаў і ўкраінцаў.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу, што гэтага нельга дапусціць. На яго думку, «Славянскі базар у Віцебску» з'яўляецца апорай і залогам еднасці славянскіх народаў. Бо творчыя работнікі хутчэй за палітыкаў і вайскоўцаў могуць пракрасціся ў душу чалавека.

Гэтая ж думка чырвонай ніткай праходзіла ў прывітаннях, якія паступілі ад прэзідэнтаў Расіі і Украіны Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі.

Пасля слоў пра адзінства славянскіх народаў, якія суправаджаліся бурнымі апладысментамі гледачоў, з асаблівым хваляваннем публіка амфітэатра назірала за цырымоніяй узнагароджання лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2013 — 2014 гады. Высокай узнагароды ўдастоены выдатны беларускі скульптар Іван Міско і вядомы расійскі даследчык архітэктуры Інеса Слюнькова. Прэзідэнт таксама ўручыў спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» народнай артыстцы Расіі Надзеі Бабкінай.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў узнагароджаных і пажадаў ім новых здзяйсненняў і поспехаў у высакароднай справе ўмацавання адзінства братніх краін, а ўсім удзельнікам і гасцям «Славянскага базару» – каб цяперашні фестываль пераўзышоў усе чаканні, скарыў сваім размахам, багаццем талентаў і парадаваў творчымі адкрыццямі.

Варта адзначыць, што гала-канцэрт адкрыцця нікога не расчараваў. На сцэне Летняга амфітэатра ззялі зоркі першай велічыні – Філіп Кіркораў, Стас Міхайлаў, Надзея Бабкіна, Пелагея, Ірына Білык, Патап і Насця, Надзея Кадышава, арт-групы «Хор Турецкого» і «Сопрано», групы «ПМ» і «Премьер-министр», зоркі «Еўрабачання» – Аляксандр Рыбак, Тэа, сёстры Талмачовы, Алёна Ланская і інш. Пры гэтым усе артысты, а таксама вядучыя так ці інакш закраналі тэму еднасці славянскіх народаў. Яна гучала ў рэпліках шоўмена Дзмітрыя Губерніева, які вёў дыялог з публікай: «А ці ведаеце вы, чый голас на расійскім тэлебачанні на Алімпіядзе ў Сочы гнаў Домрачаву да перамогі? А успомніце, як беларусы хварэлі за расіян на чэмпіянаце свету па хакеі». Тэма творчага яднання легла ў аснову і некаторых нумароў праграмы. Так, вельмі душэўна выступілі дуэтам народная артыстка Украіны Ірыны Білык і народны артыст Расіі Філіп Кіркораў. «Ірына зараз па той бок фартэпіяна, але не па той бок мяжы», – падкрэсліў кароль расійскай эстрады.

Завяршыў гала-канцэрт таксама тэма адзінства славян. Агульны выхад артыстаў на сцэну і супольнае выкананне новай песні заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі кампазітара Кіма Брэйтбурга «Славянская душа» сталі своеасаблівым эпілогам, сутнасць якога зводзілася да аднаго: як бы ні складаўся лёс канкрэтных этнасаў, у крытычныя моманты гісторыі адзінства славян заўсёды праяўлялася. Так было раней і так павінна заставацца заўсёды.

Алена Сыс, "Віцебскія весці"