Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў, пройдуць ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны 1 верасня

Торжественные линейки, посвященные Дню знаний, пройдут во школах Витебщины 1 сентября

Большасць з іх ужо атрымалі пашпарты гатоўнасці і чакаюць вучняў. Першы ўрок будзе называцца «Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны». Пра гэта на прэс-канферэнцыі журналістам паведаміў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок. Таксама ён распавёў і пра іншыя асаблівасці новага навучальнага года.

Першакласнікаў больш

Па словах Івана Шчурка, галоўная задача ранейшая – далейшае павышэнне якасці адукацыі. Для гэтага ў 10-11 класах сярэдніх школ працягнецца вывучэнне асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні (фізіка-матэматычнае, хіміка-біялагічнае, філалагічнае, грамадазнаўчае напрамкі). Па ўзгадненні з бацькамі і дзецьмі ў школах, гімназіях і ліцэях магчыма ўвядзенне мультыпрофільнага навучання. Таксама кіраўніцтву ўстаноў адукацыі дазволена праводзіць прамежкавую атэстацыю па вучэбных прадметах не толькі па чвэрцях, але і па трыместрах (паўгоддзях).

Унесены змены ў колькасць і пералік выпускных экзаменаў пасля дзевятага і адзінаццатага класаў. Цяпер выпускнікі базавай школы будуць пісьмова здаваць тры экзамены – беларускую, рускую мовы і матэматыку. Вусны экзамен па гісторыі Беларусі будуць здавацца пасля 11 класа разам з яшчэ трыма абавязковымі пісьмовымі – беларускай або рускай мовай, матэматыкай і замежнай мовай.

Навучальны год пачнецца 1 верасня і скончыцца 30 мая, а заняткі – 29-га. За школьныя парты на Віцебшчыне сядуць каля 108 тысяч чалавек, 12 тыс. з іх – першакласнікі. Як адзначыў Іван Шчурок, прыемна, што ў апошнія гады колькасць малодшых школьнікаў пастаянна павялічваецца. Але дэмаграфічная праблема па-ранейшаму адчувальная. Для параўнання, у 1991 годзе ў школах вобласці навучалася 190 тысяч дзяцей, гэта значыць за мінулы час колькасць дзіцячага насельніцтва скарацілася на 43%.

Заробкі настаўнікаў вырастуць

Добры падарунак для педагогаў да новага навучальнага года – дыферэнцыраванае павышэнне заробкаў. Іван Шчурок паведаміў, што з 1 верасня значна павялічацца надбаўкі за кваліфікацыйныя катэгорыі. Так, за вышэйшую катэгорыю яна складзе 90% ад тарыфнага акладу (да 1 млн рублёў), за першую – 55%, за другую – 30%. Настаўнікі-метадысты, якіх у вобласці пакуль толькі 16, атрымаюць надбаўку ў 120% ад акладу. Варта адзначыць, што акрамя педработнікаў па такім жа прынцыпе заробкі павялічацца ў супрацоўнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, дзіцячых дамоў, сацыяльна-педагагічных цэнтраў (у тым ліку і прытулкаў) і гэтак далей. Таксама кіраўнікам устаноў, педработнікаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнікам фізічнага выхавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прыёмным бацькам, бацькам-выхавальнікам прадугледжваецца павышэнне тарыфнага акладу на 10%, памочнікам выхавальнікаў – на 20%, работнікам кухні – на 10%. У цэлым новы метад разліку заробкаў педработнікаў дазволіць павялічыць сярэдні заробак настаўнікаў на 153-967 тысяч рублёў (6-28%).

Да таго ж, Іван Шчурок адзначыў, што дзякуючы нядаўняму ўвядзенню даплат настаўнікам за працу па кантракце (у залежнасці ад установы адукацыі яны складаюць ад 20% да 50% ад службовага акладу) заробкі педагогаў Віцебшчыны цяпер нязначна саступаюць нават сталіцы. Так, у Мінску сярэдні заробак педработнікаў складае 4,756 млн рублёў (у педагогаў – 4,912 млн), а ў нашым рэгіёне – 4,529 млн (4,781 млн).

Па паведамленні Івана Шчурка, у цэлым галіна забяспечана педагагічнымі кадрамі. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вобласці працуе 13275 настаўнікаў-прадметнікаў, амаль 80% – з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. У гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі прыбудуць 650 маладых спецыялістаў, але вакантныя месцы застаюцца. У школах па-ранейшаму недастаткова настаўнікаў англійскай і нямецкай моў, матэматыкі, 150 вольных месцаў выхавальнікаў у дзіцячых садках. Па словах Івана Шчурка, выручаюць педагогі-пенсіянеры, якіх у гэтай сферы каля 10%. Прычым 75% з іх працуюць на няпоўную стаўку.

– Яны настаўнікі для маладых настаўнікаў і выпускнікоў ВНУ, якім спачатку не хапае практыкі, – падкрэсліў Іван Антонавіч. – Педагогі на пенсіі – апора і залаты фонд многіх устаноў адукацыі.

З рамонтам праблем няма

Абласны Савет дэпутатаў прыняў рашэнне ў 2014 годзе павялічыць за кошт мясцовых падаткаў фінансаванне рамонтных работ ва ўстановах адукацыі. На гэтыя мэты прадугледжваецца выдаткаваць 151,6 млрд, у тым ліку 99,5 млрд рублёў – на капітальны рамонт. Ужо зараз асвоена больш за 80 млрд рублёў. У цэлым бюджэт галіны складае 3,7 трлн рублёў, або 26% бюджэту Віцебшчыны.

За кошт сродкаў Міністэрства адукацыі Беларусі набыта 27 сучасных кабінетаў фізікі агульным коштам 10,4 млрд рублёў. Для бясплатнага падвозу дзяцей упраўленне адукацыі аблвыканкама купіла 9 аўтобусаў, а да 1 верасня плануецца набыццё яшчэ 10 машын. Акрамя таго, ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» прадаставіць спонсарскую дапамогу ў выглядзе 11 школьных аўтобусаў і 1 – для перавозкі дзяцей-інвалідаў.

Завяршаецца будаўніцтва спальнага корпуса на 200 месцаў з харчаблокам для Віцебскага кадэцкага вучылішча. Да канца года запланавана здача ў эксплуатацыю двух жылых дамоў для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у гарадскіх Росанах і Шаркаўшчыне. Будуюцца дзве дашкольныя ўстановы ў Оршы і Аршанскім раёне, яслі-сад-пачатковая школа ў Наваполацку, базавая школа ў вёсцы Літусава Сенненскага раёна.

Асаблівасці аптымізацыі

У гэтым навучальным годзе на Віцебшчыне дзверы распахнуць 473 установы адукацыі, што менш, чым год таму. 22 з іх былі зачынены, 31 – рэарганізавана. Больш за 10 тысяч навучэнцаў цяпер будуць падвозіць да месца вучобы.

Як лічыць Іван Шчурок, ва ўмовах цяперашняй дэмаграфічнай сітуацыі аптымізацыя школьнай сеткі – аб'ектыўны працэс.

– Мы ніколі не рабілі рэзкіх крокаў, – падкрэсліў Іван Антонавіч. – Перш чым прыняць рашэнне аб закрыцці, збіраліся мноства разоў, уладжвалі пытанні з падвозам дзяцей і працаўладкаваннем работнікаў. Да гэтага часу на Віцебшчыне працуюць 13 малакамлектных школ, дзе навучаецца не больш за 25 вучняў. Мы іх не закрывалі, хоць маглі. Пры гэтым атрымліваецца, што затраты на школу на Віцебшчыне самыя высокія ў рэспубліцы. Але ў гэтым спецыфіка рэгіёна. У нас адна школа на 80 кв. км, у Мінскай, Гомельскай абласцях – на 70, у іншых рэгіёнах – на 50. Зусім іншыя адлегласці. Да таго ж зразумела, што школа на вёсцы сёння – ачаг культуры, жыцця.

Дапамога дзецям

Па стане на 15 жніўня работнікі школ, сацыяльных службаў і медустаноў абследавалі ўмовы пражывання 20612 малазабяспечаных і шматдзетных сем'яў, якія выхоўваюць больш за 30 тысяч дзяцей-школьнікаў. Галоўная мэта – ацэнка матэрыяльнага забеспячэння і гатоўнасці да навучальнага працэсу. Па выніках абследаванняў ужо аказана дапамога 2584 сем'ям (5106 дзяцей) на 2,7 млрд рублёў.

Таксама па ўсёй вобласці праходзяць дабрачынныя акцыі «Збяром партфель у школу», «Падзяліся цяплом душы сваёй», «Дзеці ідуць у школу», падчас якіх розныя віды дапамогі атрымліваюць тысячы дзяцей і іх бацькоў.

Аляксандр Кутынко, "Віцебскія весці"