Урачысты мітынг "Памяці загінулых, на славу жывых!" адбыўся на воінскіх пахаваннях у вёсцы Шухаўцы Дубровенскага раёна
На 605-м кіламетры аўтатрасы Брэст-Мінск-Масква сустрэліся дэлегацыі Віцебскай і Смаленскай абласцей. Ганаровае права адкрыць абноўлены помнік даверылі старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыю Дзямідаву, старшыні Смаленскай абласной думы Ігару Ляхаву, ураджэнцы вёскі Засценкі Валянціне Ляпунавай і вучню Асінторфскай школы Станіславу Русанаву.
- У Дубровенскім раёне ў 1943-1944 гадах праходзілі жорсткія баі. 9 месяцаў тут стаяў фронт. Толькі згуртаванне народаў, яднанне дазволіла зламаць хрыбет фашыстам. І мы абавязаны зрабіць так, каб гэта ведала моладзь і перадавала з пакалення ў пакаленне, - сказаў на мітынгу Дзмітрый Дзямідаў.
Ігар Ляхаў падкрэсліў, што сёння Беларусь і Расія ў адзіным страі адзначаюць знакавыя даты.
– Падпісанне нашымі краінамі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы – важная падзея ў жыцці Беларусі і Расіі, – сказаў старшыня Смаленскай абласной думы. – Не толькі эканамічныя задачы былі галоўнымі ў гэтым дакуменце, але і разуменне таго, што мы ва ўсе часы плячом да пляча супрацьстаялі Захаду. Нашы дзяржавы адчулі на сабе ў поўнай меры так званыя «еўрапейскія паходы». Таму мы павінны выкарыстоўваць кожную магчымасць для таго, каб гаварыць аб Вялікай Перамозе, аб нашых стратах, аб дружбе нашых братніх народаў.
На брацкай магіле ў вёсцы Шухаўцы ўвекавечана памяць 1927 воінаў Чырвонай Арміі. Тут пахаваны грамадзяне 12 рэспублік Савецкага Саюза, – адзначыў старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў. – З іх 250 жыхароў Смаленскай вобласці.
Рэстаўрацыйныя работы вяліся дзякуючы і частковым інвестарам, і Віцебскаму аблвыканкаму, і абласному Савету дэпутатаў.
Размова пра Саюзную дзяржаву працягнулася падчас дыялогавай пляцоўкі з удзелам моладзі Расіі і Беларусі – парламентарыяў, прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання, членаў ваенна-патрыятычных клубаў.
Спікерамі выступілі Дзмітрый Дзямідаў, Ігар Ляхоў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, намеснік старшыні Урада Смаленскай вобласці Анастасія Гапеева, ганаровы консул Расіі ў Беларусі Юрый Суманееў і Анатоль Лукашоў.
Госцем мерапрыемства таксама стаў спявак з Казахстана Ільяс Аўтоў.