Урачысты пуск прыроднага газу адбыўся ў аграгарадку Слабада Лепельскага раёна
Пасля цырымоніі свята працягнулася ў
мясцовым Доме культуры. Звяртаючыся да жыхароў Слабады, кіраўнік вобласці
сказаў, што падзяляе радасць з вяскоўцамі. "Напэўна, кожны з вас
разумее, што такое газ. У вытворчасці - гэта развіццё, новыя сучасныя
вытворчасці, працоўныя месцы. А ў побыце - гэта ўтульнасць, чысціня, камфорт. Вы
будзеце жыць і працаваць у новых умовах", - адзначыў старшыня Віцебскага
аблвыканкама.
Ён таксама падкрэсліў, што Слабада - адзін з
перспектыўных населеных пунктаў, які атрымаў новы імпульс для развіцця.
"Тут павінна пашырацца вытворчая база, павінны расці паказчыкі,
павялічвацца сем'і, - адзначыў Мікалай Шарснёў. - Людзі на вёсцы павінны жыць
шчасліва".
Як растлумачыў журналістам першы намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер прадпрыемства "Віцебскаблгаз" Аляксандр Азерец, у Віцебскай вобласці прыродны газ выкарыстоўваецца ва ўсіх райцэнтрах. "Цяпер мы актыўна займаемся газіфікацыяй сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў. Усяго прыроднае паліва праведзена ў 346 населеных пунктаў, з якіх 111 - аграгарадкі. Слабада стала 112-м газіфікаваным аграгарадком. Агульная працягласць газаправодаў у рэгіёне складае 6 тыс. 165 км. Пры гэтым за апошнія 2 гады даўжыня сетак павялічылася на 430 км, да газу падключана 5 тыс. 400 кватэр", - сказаў Аляксандр Азерец. Ён таксама паведаміў, што сельскія населеныя пункты вобласці газіфікаваны на 30-36%. Па яго словах, галінка да аграгарадка Слабада (14 км) праведзена ў максімальна кароткія тэрміны. Кошт работ склаў Br830 тыс.
"Праект распрацаваны такім чынам, што маршрут пракладкі газаправода максімальна набліжаны яшчэ да 3-4 населеных пунктаў. Так што ў далейшым яны таксама змогуць падключыцца да прыроднага газу", - адзначыў першы намеснік гендырэктара.
Што тычыцца Слабады, то ў аграгарадку пражывае больш за 370 сем'яў, у кожнай з іх з'явілася магчымасць павысіць узровень камфорту пражывання за кошт выкарыстання прыроднага газу. Пры гэтым будаўніцтва газаправодаў да жылых дамоў магчыма як за кошт уласных фінансаў грамадзян, так і з прыцягненнем бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з указам №368.
Алена Ціханава. Фота Аляксандра Хітрова – БЕЛТА.