Таварны знак фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» з'явіцца на прадукцыі трох прадпрыемстваў

Дырэкцыя «Славянскага базару ў Віцебску» ўжо заключыла дамовы на права выкарыстання таварнага знака фестывалю з ААТ «Віцебскхлебпрам», «Віцебскі мясакамбінат» і прыватным прадпрыемствам, якое выпускае тэкстыль. Ужо ў бліжэйшы час гэты спіс папоўніцца і іншымі айчыннымі вытворцамі, бо шырока вядомы васілёк на натным стане – не проста ўпрыгожванне, але і спосаб прасоўвання тавару, асабліва ў святочным горадзе.

Вялікай разнастайнасцю сёлета адзначаецца выбар сувенірных вырабаў з сімволікай фестывалю, распрацаваных Цэнтрам культуры «Віцебск». У асартыменце ў Інтэрнэт-Цэнтры больш за 35 найменняў – ад традыцыйных брэлокаў, магнітаў, кружак да гальштукаў, футболак, бампераў для тэлефонаў, парасонаў, апошнія, як паказвае шматгадовая практыка, заўсёды спатрэбяцца ў фестывальныя дні.

Фірмовы стыль «Славянскага базару» сёлетага года распрацавалі мастакі-дызайнеры ЦК «Віцебск» Юлія Крук і Алена Міклушова. У аснове – нязменны васілёк-нота, які кожны раз дзякуючы творчай фантазіі і графічнаму рашэнню выглядае па-новаму.

"Віцебскія весці".