Тавары Прыдзвіння адзначаны на першым этапе рэспубліканскага конкурсу-дэгустацыі «ГУСТ» на лепшы прадукт года
Вызначаны рыбная, агароднінная, мясная, малочная, кандытарская і хлебабулачная прадукцыя, якія прызнаны лідарамі ў сваіх катэгорыях. Прыемна адзначыць, што прадукцыя прыдзвінскіх вытворцаў таксама заслужыла высокую ацэнку. Напрыклад, прадстаўнікам конкурснай камісіі прыйшоўся даспадобы яблычна-персікавы нектар з мякаццю ад ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат». Па выніках дэгустацыі рыбнай прадукцыі дыплом атрымала ДП «ПТЦ г. Браслаў» за рыбныя кансервы «Карп у таматнай заліўцы», «Таўсталобік, абсмажаны ў алеі».
У «мясным» конкурсе таксама адзначыліся вытворцы Прыдзвіння. Сярод вараных каўбасных вырабаў для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў лепшымі прызнаны каўбаса і сасіскі «АБВГДейка люкс» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат».
У «малочным конкурсе» адзначана 68 узораў прадукцыі. На працягу двух конкурсных пасяджэнняў дэгустатары ацэньвалі смятану, тварог, ёгурты, іншыя кісламалочныя прадукты, глазураваныя сыркі, тварожныя дэсерты, марозіва, масла сметанковае, а таксама сыры цвёрдыя, паўцвёрдыя і расольныя. І тут у спісе пераможцаў – ААТ «Малако», «Полацкі малочны камбінат», «Лепельскі малочнакансервавы камбінат».
Так, ААТ «Полацкі малочны камбінат» ужо з году ў год упэўнена займае лідзіруючую пазіцыю ў намінацыі «Сыркі тварожныя глазураваныя». Яго «Арфей і Эўрыдыка» з мармеладам і водарам ваніліну, а таксама сырок тварожны глазураваны з ванілінам масавай доляй тлушчу 26 працэнтаў скарылі строгае журы. Не пакінулі абыякавымі дэгустатараў тарты з марозіва пломбір «Зімовая казка» і «Шакаладная асалода» ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат», а таксама марозіва пломбір з жалепадобнай глазурай «Люстраная ківі» і цукатамі, марозіва пломбір з варанай
згушчонкай і цёртай глазурай «Мядзведзіна асалода».
Як адзначаюць арганізатары конкурсу, за час свайго існавання «ГУСТ» (ён праводзіцца з 2001 года) стаў асаблівай пляцоўкай, якая дэманструе развіццё не толькі галіны, але і саміх прадпрыемстваў, дасягненні і майстэрства тэхнолагаў.
Падрыхтавала Алена СЫС.
“Віцебскі рабочы”