Традыцыі беларускага этнасу прадставяць на свяце ў Наваполацку

Традиции белорусского этноса представят на празднике в Новополоцке

Палітра традыцый беларускага этнасу будзе прадстаўлена на свяце ў Наваполацку 19 верасня, паведамілі ў мясцовым гарвыканкаме.

Адкрытае гарадское свята нацыянальнай культуры "Вераснёвая палітра" пройдзе ў Парку культуры і адпачынку. Гэта яркае і самабытнае дзеянне шырока прадставіць усю палітру традыцыйнай культуры. Так, на пляцоўках будуць працаваць майстры народнай творчасці, калектывы мастацкай самадзейнасці, батлеечны тэатр, пройдуць рыцарскія турніры, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, сярэднявечных танцах і многае іншае.

Спачатку госці змогуць убачыць традыцыйны вясельны абрад "Вясельны збаночак", пасля чаго адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята з канцэртам і працай тэматычных пляцовак.

У Год моладзі "Вераснёвая палітра" праходзіць пры актыўным удзеле менавіта моладзевых калектываў: фальклорных, харэаграфічных, інструментальных ансамбляў, выканаўцаў народных песень і танцаў, удзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі. І завяршальным штрыхом праграмы таксама стане выступленне моладзевых гуртоў горада (з 18.00 да 20.00), бо Наваполацк асабліва славіцца сваімі музычнымі талентамі.

Кацярына Князева, БелТА.