Традыцыі «Славянскага базару» грунтуюцца на прынцыпах беражлівых адносін да культуры кожнага народа — П.Латушка
8 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. "Славянскі базар" моцны сваімі традыцыямі. Такую думку выказаў на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да адкрыцця XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", міністр культуры Беларусі Павел Латушка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сіла фестывалю - у яго традыцыях. Яны важныя, іх неабходна захаваць, але фестываль будзе творча эвалюцыянаваць", - заявіў міністр. Ён падкрэсліў, што за захаванне фестывальных традыцый галасуе гледач. "Самы яскравы аргумент - квіткі на фестываль раскупляюцца, а фестываль застаецца самым праглядаемым праектам Першага нацыянальнага канала", - сказаў Павел Латушка.
Дзякуючы фестывалю Віцебск стаў своеасаблівым культурным цэнтрам, месцам прыцягнення для людзей культуры з розных краін. "Традыцыі фестывалю абапіраюцца на прынцыпы ўзаемнай павагі, беражлівае стаўленне да культуры, мовы, нацыянальнай своеасаблівасці кожнага народа, імкненне да ўзаемнага пазнання і ўзбагачэння культур", - падкрэсліў Павел Латушка.
Сімвалічна, што фестываль пачаў свой шлях разам з атрыманнем сучаснай дзяржаўнасці Беларусі. За 20 гадоў у сферы культуры адбыліся значныя змены: пабудаваны ўнікальная Нацыянальная бібліятэка, сучасны корпус Нацыянальнага мастацкага музея, праведзена рэканструкцыя і рэстаўрацыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Мірскага замка, наперадзе адкрыццё Нясвіжскага палаца.
Віцебскі фестываль 20 гадоў таму меў сціплую мэту - прылучыць віцебскага гледача да песеннай творчасці славянскіх краін. Аднак ужо з 1995 года "Славянскі базар" стаў называцца міжнародным фестывалем мастацтваў. У 2003 годзе пачаў сваю гісторыю дзіцячы музычны конкурс. Галоўнай мэтай фестывалю стала прэзентацыя творчых сіл блізкіх па культуры краін, аб'яднанне іх вакол беларускай культуры, падкрэсліў Павел Латушка.
У 2005 годзе Прэзідэнтам Беларусі была заснавана спецыяльная ўзнагарода "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення", якая штогод уручаецца на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Яе атрымліваюць дзеячы культуры і мастацтва, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях.
Сёння "Славянскі базар у Віцебску" стаў сапраўдным форумам фестывальнага руху. За мінулыя гады на фестывалі пабывалі дзясяткі тысяч лепшых прадстаўнікоў мастацтва Еўропы і свету, больш за 60 краін прадстаўлялі сваё нацыянальнае мастацтва. За 20 гадоў на фестывалі прысутнічала больш за 3 млн. гледачоў, пабывала больш за 55 тыс. удзельнікаў.
Як адзначыў Павел Латушка, "Славянскі базар у Віцебску" мае магутную дзяржаўную падтрымку. "У гэтым залог паспяховага правядзення фестывалю", - падкрэсліў міністр.-0-