Традыцыі старадаўняга ткацтва адраджаюць майстрыхі ў Лепелі

Традиции старинного ткачества возрождают мастерицы в Лепеле
Лепельскі Цэнтр рамёстваў пачаўся ў 1992 годзе з ткацтва, якое стала яго фішкай. Ганарацца тут і лялькамі ў нацыянальных касцюмах.

 

– Калі арганізоўваўся цэнтр, майстрамі прынялі бабуль, каб яны навучалі маладых ткацтву, да таго часу забытаму рамяству. Кацярына Цімафееўна Смажэўская сабрала кросны, якія знайшлі ў адной з вёсак, наладзіла іх, сама на іх ткала і рыхтавала астатніх. Сёння ўжо яе вучні навучаюць дзяцей і ўсіх жадаючых, у тым ліку і турыстаў, – расказала аб адраджэнні ткацтва ў раёне начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лепельскага райвыканкама Алена Барадзейка, якая да цяперашняй пасады 10 гадоў кіравала Цэнтрам рамёстваў.

 

Некалькі ткацкіх станкоў па ўзоры наяўных зрабіў майстар Мікалай Другакоў. Пазней, калі ткацтва развілося і трэба было выязджаць, як кажуць, у людзі, аказалася, што гэтыя станкі ў транспарт не ўлазяць, і майстрыхі іх мадэрнізавалі – зрабілі зборна-разборнымі. Падобны станок, якому ўжо пераваліла за 100 гадоў, у Цэнтры рамёстваў асабліва любяць і берагуць. Гэты рарытэт да гэтага часу выдатна працуе, падарыў яго жыхар раёна Васіль Шкіндзер.

Метадысты-майстры цэнтра вывучаюць асаблівасці ткацтва ў розных рэгіёнах Беларусі. У адрозненне, да прыкладу, ад шырокіх гродзенскіх ткацкіх станкоў, лепельскія кросны вузейшыя, і палотны атрымліваюцца зшыўныя пасярэдзіне.

Традыцыйны рушнік быў максімум 30 см шырынёй, а даўжыня магла быць 2 метры і больш.

 

– У старыну казалі, што ткаць можа любая, а вось запраўляць станкі не кожная. Былі жанчыны, якія толькі гэтым і займаліся. Гэта як праграмісты сёння: які алгарытм заложыш, тое і атрымаеш на выхадзе. Калі «праграміст» памыліўся ў разліках, то яго памылку ўбачыш, калі пачнеш ткаць, – сказала метадыст-майстар па ткацтве Святлана Залатуха. Навыкі гэтага рамяства яна пераймала ад цёці Кацярыны Смажэўскай і бабулі Марыі Быкавай, а цяпер навучыла ткаць сваю дачку.

 

Метадыстам-майстрам па ткацтве ў Цэнтры рамёстваў 10 гадоў адпрацавала Наталля Пятюхова, падрыхтавала сабе змену і ўжо каля 12 гадоў займаецца лялькамі. На стэндах выставачнай залы іх мноства – нявесты і замужнія, сялянкі і мяшчанкі ў традыцыйных беларускіх строях Навагрудка, Пінска, Калінкавічаў, Лепеля і іншых рэгіёнаў Беларусі.

– Гэта аўтарская распрацоўка Наталлі Пятюховай. Яна вучылася на ткачыху, але ўмее ўсё: вязаць на спіцах і кручком, вышываць гладдзю і крыжыкам, лялькі майструе. У яе залатыя рукі і выдатны густ. Яна імгненна заўважыць памылку і дапаможа, калі ў кагосьці нешта не атрымліваецца, – прадставіла рукадзельніцу Алена Барадзейка.

 

Таленавіты мастак Наталля Пятюхова не раз была адзначана дыпломамі і ўзнагародамі.

– Мая мама ўсё жыццё займалася рукадзеллем: вязала, шыла, ткала, вышывала. Гэту любоў перадала і мне, – падзялілася Наталля Аркадзьеўна.

Скончыўшы Віцебскае вучылішча лёгкай прамысловасці, яна вярнулася на малую радзіму. Працавала на розных прадпрыемствах Лепеля і больш за 20 гадоў – у Цэнтры рамёстваў.

 

– Мне заўсёды цікава спрабаваць нешта новае. Таму калі майстар па ляльках з'ехала ў іншы горад, я вырашыла паспрабаваць сябе на гэтай ніве, – адзначыла майстрыха. – Захапіла!

Усё, пачынаючы ад вышыўкі на вопратцы лялек і заканчваючы мініяцюрнымі паясамі, Наталля робіць уручную.

 

– Каб дакладна перадаць дэталі старадаўняга адзення, даводзіцца наведваць музей, шукаць інфармацыю ў розных энцыклапедыях, кнігах. Спачатку раблю метадычную распрацоўку: малюю эскіз, пояс, іншыя элементы. Потым усё памяншаю да лялечных памераў, – расказала ўмеліца.

У Наталлі Пятюховай лялькі не толькі ў традыцыйных строях, але і абрадавыя, лялькі-абярэгі, сувенірныя. Усе яны без твару.

– Калі раблю мініяцюры беларускага традыцыйнага строю, для мяне галоўнае – паказаць касцюм. А калі ствараю народных абрадавых лялек, улічваю старажытныя традыцыі. Лялька без твару лічылася прадметам неадушаўлёным, недаступным для ўсялення ў яго злых сіл, а значыць, і бясшкодным для дзіцяці. Яна павінна была прынесці яму дабрабыт, здароўе, радасць. Як правіла, самымі каштоўнымі абярэгамі былі лялькі, выкананыя без іголкі і нажніц: пры іх вырабе тканіну стараліся не рэзаць, а рваць, іх так і называлі – «рванкі». Такіх лялек можна рабіць толькі з пазітыўнымі думкамі, у добрым настроі: пра што думаеш, на энергетычным узроўні закладваецца ў абярэг. Калі нешта не ідзе, то лепш адкласці, – патлумачыла Наталля Аркадзьеўна.

Дзякуючы такім людзям, як майстры Лепельскага Цэнтра рамёстваў, адраджаюцца і захоўваюцца традыцыі продкаў. Тканыя імі абрусы, рушнікі, посцілкі і паясы, а таксама лялькі застануцца ў спадчыну нашчадкам.

"Віцебскія весці".