Традыцыя продажу дабрачынных лотаў на аўкцыёнах адноўлена ў Віцебску
6 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Фонд "Віцебскаблмаёмасць" аднавіў традыцыю продажу дабрачынных лотаў на аўкцыёнах. Сёння на чарговых таргах удзельнікі актыўна адгукнуліся на ініцыятыву арганізатараў аўкцыёну, а пераможца набыў мастацка аформленую бутэльку віна за Br200 тыс., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў фонду Ларыса Шчаглова.
Паводле яе слоў, традыцыя правядзення дабрачынных аўкцыёнаў зарадзілася ў сучаснай гісторыі Віцебска ў канцы 90-х гадоў. Сродкі ад продажу такіх лотаў накіроўваліся мэтавым чынам на падтрымку сацыяльных устаноў. Аднак на працягу апошніх 8 гадоў дабрачынныя лоты па розных прычынах не выстаўляліся, пры гэтым у асяроддзі дзелавых людзей не згублена патрэба аказваць дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу. Таму фонд вырашыў аднавіць дабрачынныя таргі, усе сродкі ад продажу першага (пасля перапынку) дабрачыннага лота паступяць на дапамогу абласной арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму.
Усяго на аўкцыёне, які праводзіўся з устанаўленнем пачатковай цаны аб'ектаў у адну базавую велічыню, прададзена 4 лоты (з адначасовым продажам правоў заключэння дагавораў арэнды зямлі) на агульную суму звыш Br36,7 млн. Найбольш вострая канкурэнцыя разгарнулася за невыкарыстоўваны будынак бытавога пункта "Дубнякі", размешчаны ў Сенненскім раёне. Аб'ект агульнай плошчай 314 кв.м мае пад'язную дарогу, сетку электра- і водазабеспячэння, артэзіянскую свідравіну з воданапорнай вежай, а зямельны ўчастак (амаль 0,2 га) пад аб'екты нерухомасці прапаноўваўся ў арэнду на 45 гадоў. Пры пачатковай цане ў Br264,9 тыс. лот прададзены за Br27,8 млн. на 44-м кроку аўкцыёніста. Новы ўласнік нерухомасці мае намер арганізаваць у глыбінцы вытворчую дзейнасць, вывучыць магчымасць выкарыстання артэзіянскай свідравіны для выпуску бутэляванай вады.
З пачатку года "Віцебскаблмаёмасць" прадала 98 аб'ектаў нерухомасці на агульную суму больш Br1,4 млрд., у тым ліку 74 будынкі і збудаванні рэалізаваны на таргах з устанаўленнем пачатковай цаны продажу ў адну базавую велічыню. Цяпер фондам аб'яўлена аб правядзенні 17 аўкцыёнаў па продажы звыш 150 аб'ектаў нерухомасці на агульную суму больш Br10 млрд.-0-