Традыцыя правядзення навуковых чытанняў адноўлена на музычным фестывалі імя І.Солерцінскага ў Віцебску

2 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Традыцыя правядзення навуковых чытанняў будзе адноўлена на Міжнародным музычным фестывалі імя І.Салерцінскага, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая. Чаpговы, 21-ы, музычны форум пройдзе ў Віцебску з 3 па 24 снежня. Навуковыя чытанні праводзіліся ў рамках віцебскага фестывалю класічнай музыкі з 1992 па 2001 гады і былі прысвечаны тэме Віцебскага рэнесансу пачатку XX стагоддзя. "Пасля васьмігадовага перапынку, выкліканага рознымі прычынамі, арганізатары фестывалю вырашылі аднавіць гэту традыцыю, але ўжо ў новай якасці і з іншым напаўненнем", - адзначыла Людміла Хмяльніцкая. Тэма Віцебскага рэнесансу дастаткова шырока распрацавана і гучыць у горадзе. Па гэтай тэме працягвае працу Музей Марка Шагала, Цэнтр сучаснага мастацтва, абласная філармонія. Акрамя таго, публікацыі аб перыядзе росквіту мастацкіх традыцый у горадзе пастаянна з'яўляюцца ў перыядычных выданнях ("Шагалаўскі міжнародны штогоднік", "Малевіч. Класічны авангард. Віцебск"). Таму сёлета было вырашана значна пашырыць тэматыку чытанняў і прысвяціць іх праблемам развіцця сучаснай культуры і мастацтва. "Тэматыка неабсяжная, але арганізатары заўсёды будуць прытрымлівацца напрамку, які цікавы Віцебску - гэта ўсё, што тычыцца жыцця і творчасці Івана Салерцінскага, падзей, якія звязаны з імем гэтага легендарнага для горада чалавека", - растлумачыла Людміла Хмяльніцкая. У чытаннях прымуць удзел старшыня Санкт-Пецярбургскага фонду Д.Шастаковіча Дзмітрый Салерцінскі, намеснік мастацкага кіраўніка Расійскага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага драматычнага тэатра імя Г.Таўстаногава, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Ірына Шымбарэвіч, намеснік галоўнага рэдактара ўплывовага расійскага выдання "Музыкальнае агляд", заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Пётр Мярк'юрыеў, загадчык аддзела Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі Якаў Брук, дырэктар Дацкага інстытута культуры ў Санкт-Пецярбургу Рыке Хелмс (Данія) і дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая. Мерапрыемства пройдзе 4 снежня ў Музеі Марка Шагала. Міжнародны музычны фестываль імя І.Салерцінскага ў Віцебску праводзіцца штогод і з'яўляецца адзіным у Беларусі камерна-музычным фестывалем, які сінтэзуе розныя віды мастацтва. Асноўнай задачай форуму з'яўляецца прапаганда сучаснага музычнага мастацтва і традыцый класічнай музычнай спадчыны, адраджэнне вялікіх культурных традыцый Віцебска, адкрыццё новых і адраджэнне забытых імёнаў у розных відах мастацтва. Сёлета на фестывалі пройдуць канцэрты музыкантаў экстра-класа з Беларусі, Расіі, Фінляндыі, Швецыі і Галандыі. Арганізатарамі Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага выступаюць Віцебскі аблвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія".-0-