Традыцыйны Дзень моладзі на «Славянскім базары ў Віцебску» сёлета праходзіць пад дэвізам «Упершыню!»
Для пачатку, моладзь гуляе не адзін, як раней, а цэлых два дні. Упершыню ў святочную праграму ўвайшоў моладзевы інтэлектуальны open-air «Кветкі Вялікай Перамогі», прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Юныя розумы з усіх рэгіёнаў Беларусі ў складзе 14 каманд сышліся ў інтэлектуальных баталіях, сярод якіх «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня». Завяршыўся першы дзень пад гукі фестывалю кавер-бэндаў.
Суботні, асноўны, дзень пачаўся больш энергічна. Упершыню ў рамках дадзенага форуму прайшоў моладзевы забег. У ім прыняло ўдзел больш за 150 чалавек з усёй рэспублікі. Віцебскую вобласць прадставілі юнакі і дзяўчаты з абласнога цэнтра, Оршы, Гарадка, Талачына, Дубровенка.
Размінку перад стартам ля ВДУ ім. П. Машэрава правёў шматразовы чэмпіён Беларусі па лёгкай атлетыцы, трэнер Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву Сяргей Казлоў.
– Заяўленую дыстанцыю 2,5 кіламетра могуць пераадолець не толькі прафесіяналы, але і пачаткоўцы спартсмены, нават дзеці. Галоўнае – дазіраваць нагрузку і тэмп, а таксама атрымліваць задавальненне ад бегу, – падкрэсліў трэнер.
Самай малодшай удзельніцы Леры Грумандзь усяго 10 гадоў. Юная віцяблянка займаецца біятлонам і заяўленае адлегласць для яе не з'яўляецца непераадольным, аднак, улічваючы, што давядзецца бегчы наравне з дарослымі, планавала трапіць у топ-70. На дыстанцыі яе падтрымліваў бацька. Данііл таксама вырашыў прабегчыся сонечным суботнім ранкам разам з дачкой, паколькі сам чалавек спартыўны – працуе інструктарам па фізічнай падрыхтоўцы ў Кастрычніцкім (г. Віцебска) аддзеле Дэпартамента аховы МУС Беларусі, майстар спорту па боксе і кандыдат у майстры спорту па рукапашным баі. У падобным марафоне сям'я ўдзельнічае ўпершыню і дасягнула пастаўленай планкі.
Першым на плошчы Перамогі фінішаваў Дзяніс Воляк, пераадолеў адлегласць за 5 хвілін 23 секунды, за што яму дастаўся галоўны прыз спаборніцтва – ровар. Ураджэнец Гродна служыць па кантракце ў 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску, дыпламаваны трэнер па лёгкай атлетыцы, член нацыянальнай зборнай Узброеных Сіл Беларусі па ваенным пяцібор'і. Спартсмен першапачаткова выйшаў на старт, каб перамагчы.
– Бег на вынік. Дыстанцыя далася лёгка. Цяпер буду рыхтавацца да Мінскага паўмарафону, – падзяліўся Дзяніс.
Ушанаванне прызёраў адбылося падчас урачыстага адкрыцця Дзён моладзі на плошчы Перамогі. Затым моладзь у рамках акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага» ўсклала кветкі да вечнага агню мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
А вось галоўная гарадская плошча пагрузілася ў шум дынамікаў і рэў матораў машын. Фестываль па аўтагуку dB Drag Racing2 аб'яднаў каля 40 аўтааматараў Беларусі, Расіі і Латвіі, якія так цюнінгавалі свае машыны, што іх можна пачуць за вялікія адлегласці.
Штогадовы фестываль моладзевых субкультур і здаровага ладу жыцця перабазаваўся на пляцоўку каля Летняга амфітэатра. Тут праходзяць турнір па варкауту, баскетболе і іншых вулічных відах спорту, папулярных сярод пакалення next. Таксама плануецца ўсталяваць сусветны рэкорд па падняцці гіры.
Завершыць Дні моладзі канцэрт папулярных беларускіх гуртоў NaviBand, «Без білета» і «ЧуVство полета» сёння ўвечары на плошчы Перамогі.
Як бы ні змяняўся фармат, якімі б новымі праектамі ні папаўнялася маладзёжнае свята ў рамках фестывалю, нязменным засталося галоўнае. Як адзначыў першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк, «Славянскі базар» і Дзень моладзі – гэта магчымасць заявіць пра сябе самай прагрэсіўнай, ініцыятыўнай, творчай і спартыўнай моладзі.