Трактар "Беларус" становіцца грозай віцебскіх аўтамабілістаў-правапарушальнікаў
8 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Трактар "Беларус" з міліцэйскімі апазнавальнымі знакамі становіцца сапраўднай пагрозай для віцебскіх аўтамабілістаў-парушальнікаў. На службе ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама з'явіўся першы эвакуатар, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік міжраённага аддзела экалагічнага нагляду ДАІ УУС Юрый Дзямідаў.
Да апошняга часу інспектары ДАІ ў 330-тысячным абласным цэнтры не маглі эвакуіраваць аўтамабілі-парушальнікі. Набыццё спецыяльнай тэхнікі стала магчымым дзякуючы сродкам, выдзеленым з абласнога бюджэту.
Трактар-эвакуатар курсіруе не толькі па гарадскіх вуліцах, але і, на радасць жыхарам шматпавярховікаў, часта наведвае двары, дзе зялёныя зоны становяцца аўтамабільнымі стаянкамі. Няправільна прыпаркаваныя машыны дастаўляюцца на штрафную стаянку ДАІ, адкуль іх пасля аплаты штрафу і паслуг стаянкі забіраюць уладальнікі. Праўда, часцей аўтааматары ратуюць сваіх жалезных коней яшчэ ў двары: аплачваюць штраф і правільна паркуюць аўтамабілі. Па словах Юрыя Дзямідава, у бліжэйшы час у горадзе можа з'явіцца яшчэ адзін трактар-эвакуатар.
Між тым праблема аўтамабільных стаянак даволі востра стаіць у горадзе. Як паведамілі ў аддзеле жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага гарвыканкама, у абласным цэнтры маецца крыху больш за 30 платных аўтастаянкі, каля 70 парковак. Гасцявыя паркоўкі, размешчаныя ў дварах шматпавярховікаў, ужо не могуць змясціць увесь транспарт жыхароў, асабліва ў старых мікрараёнах. Раней парковачныя месцы ў дварах праектаваліся з разліку 1 аўтамабіль на 3 кватэры. Цяпер, калі толькі ў Віцебску ў грамадзян зарэгістравана амаль 82 тыс. легкавых аўтамабіляў, дэфіцыт месцаў становіцца злобадзённай праблемай.
Па словах спецыялістаў аддзела, пры капітальным рамонце старых дваровых тэрыторый домакіраванне ўлічваюць рост транспартнага парку ў грамадзян. Праезная частка двароў павялічваецца з 3 да 5,5 м, абсталёўваюцца новыя паркоўкі.-0-