Трамвайны парк Віцебска ў 2011 годзе абновіцца на чвэрць

4 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Трамвайны парк Віцебска ў 2011 годзе абновіцца на чвэрць, расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік унітарнага транспартнага прадпрыемства "Віцебскае трамвайна-тралейбуснае кіраванне" Васіль Паўлючкоў. У бягучым годзе кіраванне і ААТ "БелКамунМаш" заключылі кантракт на пастаўку 20 новых трамваяў мадэлі АКСМ 62103. Іх адметнай рысай з'яўляюцца сучасны дызайн, зменны ўзровень падлогі, што робіць транспарт зручным для інвалідаў, пажылых людзей, а таксама эканамічнасць і бяспека. Спецыяльна для Віцебска ўсе трамваі будуць афарбаваны ў чырвона-белы колер. Першыя тры вагоны ўжо прыбылі ў Віцебск і праходзяць перадэксплуатацыйную падрыхтоўку. З дня на дзень яны выйдуць на маршруты. Яшчэ 8 чырвона-белых трамваяў папоўняць парк да XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе ў ліпені. Астатнія паступяць да канца года. Варта адзначыць, што першы трамвай у Віцебску з'явіўся ў 1898 годзе - на год раней, чым у Маскве, і на 9 гадоў раней, чым у Санкт-Пецярбургу. Нягледзячы на рэвалюцыі і войны, гэты від транспарту не спыняў перавозіць пасажыраў. Па словах Васіля Паўлючкова, і цяпер замяняць яго на іншыя не збіраюцца. Нягледзячы на значныя капітальныя ўкладанні на першым этапе будаўніцтва шляхоў і камунікацый, трамвай застаецца адным з самых эканамічных відаў гарадскога транспарту. Акрамя таго, ва ўмовах вялікіх мегаполісаў вялікую ролю адыгрывае экалагічная бяспека трамваяў. Трамвайны парк абласнога цэнтра налічвае 97 адзінак. Пасажыраў перавозяць па 9 маршрутах, агульная працягласць якіх складае 165 км. У Віцебскай вобласці трамвай як від грамадскага гарадскога транспарту выкарыстоўваецца таксама ў Наваполацку. -0-