Трансгранічны турыстычны форум пройдзе ў Полацку 23-24 мая

Трансгранічны турыстычны форум "Трансгранічнае супрацоўніцтва - аснова развіцця турыстычных памежных рэгіёнаў Бела Дзвіна і Балтыйскі Азёрны край" пройдзе ў Полацку 23-24 мая ў рамках праекта Еўрапейскага саюза "Бела Дзвіна-2". Пра гэта БЕЛТА паведаміў эксперт праекта Ігар Загрэкаў.

У форуме прымуць удзел спецыялісты па развіцці турызму, прадпрымальнікі, якія працуюць у сферы турбізнесу, прадстаўнікі трансгранічных турыстычных праектаў з Віцебскай вобласці, Латгальскага рэгіёну (Латвія) і Аўкштайціі (Літва). Асаблівая ўвага будзе нададзена такім актуальным тэмам, як аграэкатурызм і гастранамічны турызм, павышэнне ўзроўню развіцця гасцінічнага сектара, перспектывы ўдзелу ў сетцы Еўрапейскай кулінарнай спадчыны, развіццё музеяў і інтэрактыўных адукацыйных турыстычных прадуктаў, вопыт рэалізацыі трансгранічных турыстычных праектаў.

Удзельнікі форуму азнаёмяцца з унікальнымі турыстычнымі прадуктамі памежных рэгіёнаў Беларусі, Латвіі і Літвы, разгледзяць перспектывы развіцця трансгранічнага турызму, абмяркуюць рэальныя магчымасці супрацоўніцтва паміж прадстаўнікамі турыстычнага бізнесу.

Трансгранічны турыстычны форум арганізуецца ў рамках праекта "Садзейнічанне развіццю турызму ў памежных рэгіёнах Латгаліі, Уцяны і Віцебска" (BELLA DVINA 2) трансгранічнай праграмы супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі. Агульны бюджэт праекта складае каля 2 млн. еўра.

БЕЛТА