Трэнажорная зала пад адкрытым небам, домік з рахункамі і ростамер функцыянуюць у Наваполацкім парку
Гэта спалучэнне прыроднай і рукатворнай прыгажосці на 22 га ўздоўж берага Заходняй Дзвіны. Парк прымыкае да цэнтральнай гарадской плошчы, дзе звычайна праводзяцца ўсе мясцовыя афіцыйныя мерапрыемствы. Пасля іх наваполачане сем'ямі звычайна накіроўваюцца ў парк. Асабліва тут шматлюдна 1 мая, у Дзень Перамогі, Дзень горада і па іншых любімых каляндарных датах. За адно свята толькі на атракцыёны раскупляецца да 7 тысяч білетаў, а колькі ўсяго народу прыходзіць – не падлічыць.
Большую частку парку займае зялёная зона з асфальтаванымі дарожкамі, па якіх шпацыруюць пешаходы, носяцца скейтбардысты і аматапы катання на ролікавых каньках – машын няма, свежае паветра і цішыня. У мінулым годзе з мэтай збору грошай на рамонт гэтых дарожак гарвыканкам арганізаваў мэтавы суботнік.
Другая важная для парку акцыя – па ўстаноўцы малых архітэктурных формаў – праводзілася сярод прадпрыемстваў. Да 10 стандартных лавак, што меліся, дадалося 22 розных, затое арыгінальна аформленых. Усе 14 вытворчых калектываў падышлі да гэтай справы творча, з выдумкай, некаторыя ўсталявалі не па адным экзэмпляры.
І ў гэтым годзе чарговая акцыя гарвыканкама – па абсталяванні дваровых дзіцячых пляцовак – таксама закранула парк. Для самых маленькіх яго наведвальнікаў акцыянернае таварыства «Нафтан» збудавала домік з рахункамі, гадзіннік з рухомымі стрэлкамі, ростамер, каб дзеці вучыліся лічыць, вызначаць час і свой рост, а яшчэ арэлі і пясочніцу. З нічога зроблены цікавыя і прыгожыя рэчы. Мамы ахвотна прыводзяць сюды сваіх малышоў.
У зоне актыўнага адпачынку функцыянуе 9 атракцыёнаў. Падобныя ў 1980-х гадах былі ўстаноўлены ў Віцебску, Полацку, Оршы. На дадзены момант, па словах дырэктара парку Анатоля Жарова, у такой колькасці яны захаваліся толькі ў Наваполацку.
– Дзякуючы маім папярэднікам на дырэктарскай пасадзе, гарвыканкаму, які надае шмат увагі парку, і прадпрыемствам,
які аказваюць яму ўсялякую дапамогу. Гэта вельмі важна, бо на новае дарагое абсталяванне не заўсёды хапае сродкаў, а наведвальнікам хочацца адпачываць цікава. Што тычыцца кошту пасеціце аттракцыёнаў, то мы бяром колькасцю – хай усе ахвотныя, асабліва дзеці, карыстаюцца імі па невысокіх цэнах, – распавядае Анатоль Жораў.У гэтым годзе з дапамогай гарадскіх будаўнікоў закінуты будынак ператварыўся ў пнеўматычны цір, які таксама карыстаецца папулярнасцю. Адрэстаўравалі і танцпляцоўку. Яна была задзейнічана пры правядзенні цырымоній рэспубліканскага кросу на прызы газеты «Савецкая Беларусь» – знакавага для горада спартыўнага мерапрыемства, арганізаванага дэпутатам Нацыянальнага сходу, алімпійскім прызёрам Вадзімам Дзевятоўскім. А спаборнічалі ўдзельнікі на бегавых трасах, падрыхтаваных у межах парку.
Яшчэ адзін цікавы праект ініцыяваў гаркам БРСМ пад эгідай аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі гарвыканкама. На сабраныя сродкі набыты спартыўна-аздараўленчы комплекс беларускай вытворчасці – 12 трэнажораў для розных груп цягліц. Побач пляцоўка для варкаўта – папулярнага ў моладзевым асяродку сілавога захаплення, брусы – гэта ўжо 14 трэнажораў. З 6 гадзін раніцы і да 10 вечара тут не праштурхнуцца, прыходзяць жыхары самага рознага ўзросту. Да гэтага бясплатнага задавальнення неўзабаве дададуцца яшчэ некалькі, месца ёсць. У дадзены момант ідзе мантаж абсталявання на пляцоўцы для пляжнага валейбола. Астатняя вольная тэрыторыя пустыніць таксама не будзе, трэба толькі выбраць паміж футболам і баскетболам.
Так што свой паўвекавы юбілей Наваполацкі парк культуры і адпачынку рыхтуецца сустрэць ва ўсеадозброі, падкрэслівае дырэктар:
– Парк зарабляе грошы з мая па снежань. У асноўным яны ідуць на зарплату 11 пастаянным і 8 сезонным работнікам, аплату камунальных паслуг і невялікія рамонты. На даходнасць парку можна разлічваць толькі ў горадзе як мінімум з 300-тысячным насельніцтвам, а ў нас яно ўтрая менш. Кардынальна мадэрнізаваць абсталяванне на выручаныя за сезон сродкі ўжо
ці атрымаецца. Але сумеснымі намаганнямі стараемся рабіць усё магчымае, каб наваполачане з задавальненнем адпачывалі тут у вольны час, а цяперашнія дзеці, калі вырастуць, прывялі сюды сваіх нашчадкаў.
Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».