Трэнер зборнай Іспаніі па пляжным футболе дапаможа падрыхтаваць зборную Беларусі да Еўралігі

15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Трэнер "Барселоны" і зборнай Іспаніі па пляжным футболе Раміра Амарэль выступіць трэнерам-кансультантам зборнай Беларусі пры падрыхтоўцы да адборачнага турніру Еўралігі, які пройдзе 22-24 ліпеня ў італьянскай Равене. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола (БФПФ) Аляксей Сычоў.

Па словах кіраўніка БФПФ, Раміра Амарэль з'яўляецца інструктарам ФІФА для трэнераў па пляжным футболе і ўжо два разы праводзіў семінары ў Беларусі. У адзін з такіх прыездаў была дасягнута дамоўленасць аб аказанні дапамогі ў арганізацыі вучэбна-трэніровачнага працэсу нацыянальнай зборнай з боку аўтарытэтнага спецыяліста, які прызнаваўся лепшым гульцом свету па пляжным футболе. Ён прыбыў у Беларусь 11 ліпеня і ўжо сёння ў якасці трэнера-кансультанта галоўнага трэнера Эдуарда Дзямянковаца вывеў зборную Беларусі па пляжным футболе на гульні міжнароднага турніру "Кубак дружбы" у Віцебску.

У барацьбу за галоўны прыз турніру ўступілі восем каманд, у тым ліку зборныя Украіны і Польшчы, якія ўваходзяць у васьмёрку наймацнейшых еўрапейскіх зборных, а таксама нацыянальныя каманды Малдовы, Азербайджана, Латвіі і дзве расійскія каманды з Санкт-Пецярбурга і Калінінграда. Гульні абслугоўваюць рэферы ФІФА з пяці краін.

Першапачаткова ўдзельнікі турніру правядуць матчы ў двух падгрупах па кругавой сістэме. Сапернікамі зборнай Беларусі з'яўляюцца каманды Польшчы, Латвіі і Санкт-Пецярбурга. Па выніках групавога этапу стануць вядомыя каманды, якія разыграюць 17 ліпеня галоўную ўзнагароду турніру, прызавыя месцы. Пераможца стане ўладальнікам "Кубка дружбы" і залатых медалёў, прызёры будуць адзначаны таксама медалямі адпаведнай годнасці. Каманды, якія занялі чацвёртае-восьмае месцы, будуць заахвочаны памятнымі ўзнагародамі. Акрамя таго, будуць вызначаны лепшыя футбалісты турніру па гульнявых амплуа, самы справядлівы суддзя "Кубка дружбы", якія павязуць дадому каштоўныя прызы ад арганізатараў.-0-