Трэць зваротаў падчас прамой лініі з Анфімавым у Паставах тычылася жыллёвых праблем

Треть обращений во время прямой линии с Анфимовым в Поставах касалась жилищных проблем

Трэцяя частка зваротаў да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава 23 кастрычніка падчас прамой тэлефоннай лініі ў Пастаўскім райвыканкаме была звязана з будаўніцтвам жылля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За паўтары гадзіны на прамую лінію паступіла 9 званкоў, 3 з іх па жыллёвай тэме. Шматдзетная маці паскардзілася на банкаўскую цяганіну па вырашэнні пытання выдзялення крэдытнай лініі, другая выказала шкадаванне, што крэдыт выдзяляецца не на ўсю суму будаўніцтва, а толькі на частку (знайсці недастатковыя сродкі вялікая праблема).

Яшчэ тры званкі паступіла на прамую лінію ад занепакоеных жыхароў гарадскога пасёлка Лынтупы. Там спыняе дзейнасць спіртзавод. Людзі прасілі разгледзець магчымасць арганізацыі на гэтых плошчах іншай харчовай вытворчасці. Жыхары пасёлка таксама прасілі пакінуць у іх запраўку, якую збіраюцца закрыць з-за стратнасці, і паскорыць тэрміны газіфікацыі прыватнага сектара.

Акрамя гэтага, гучала праблема гандлёвага абслугоўвання - з-за адсутнасці прадаўца не працуе крама ў адной з вёсак. Начальнік аднаго з ДРБУ прапанаваў выкарыстоўваць грошы, якія паступаюць у бюджэт ад спагнання дзяржпошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху, не толькі на мадэрнізацыю і капітальны рамонт, але і на бягучы рамонт.

Старшыня КДК даручыў разабрацца ў кожнай праблеме і даць грамадзянам вычарпальныя адказы, а прапановы ўзяць на заметку і абмеркаваць магчымасць іх прымянення.

Пасля прамой лініі Леанід Анфімаў правёў у Паставах асабісты прыём грамадзян. Са сваімі праблемамі да старшыні КДК звярнуліся 10 чалавек. Палова - па пытанні выплаты заработнай платы ААТ "Маладзечналес", людзі скардзіліся на непамерны кошт прыватызаванага жылля, прасілі дапамогі ў вырашэнні зямельных канфліктаў.

У другой палове дня кіраўнік кантрольнага ведамства правядзе сустрэчы з працоўнымі калектывамі ЧПУП "Пастаўскі мэблевы цэнтр" і ТАА "Ініта".

Алена Ціханава