Трэці форум маладых спецыялістаў аб'яднаў больш за 250 удзельнікаў з розных рэгіёнаў Віцебскай вобласці

Трэці форум маладых спецыялістаў аб'яднаў пад сваім крылом 250 удзельнікаў з розных гарадоў і вёсак Віцебшчыны, якія прадстаўляюць самыя розныя сферы дзейнасці.

Яго арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама, Полацкі, Чашніцкі і Докшыцкі райвыканкамы, абласны камітэт ГА «БРСМ».

У Полацку прайшоў першы этап форуму, у ім прынялі ўдзел 80 прадстаўнікоў сфер адукацыі, культуры, аховы здароўя, прамысловасці з Верхнядзвінскага, Гарадоцкага, Міёрскага, Полацкага, Расонскага, Шумілінскага раёнаў і Наваполацка.

– У раёнах ужо прайшлі падобныя мерапрыемствы, кожны малады спецыяліст паспеў атрымаць першы прафесійны вопыт, пазнаёміўся з рэгіёнам, яго асаблівасцямі развіцця, ацаніў перавагі пачатку працоўнага шляху ў зладжаных калектывах прафесіяналаў сваёй справы, – падзялілася намеснік начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Сафейчанка.

– Мэта нашага форуму – павышэнне сацыяльнай і эканамічнай актыўнасці маладых спецыялістаў.

Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Святлана Валюшкіна адзначыла, што для рабят з розных раёнаў будзе прадастаўлена магчымасць пазнаёміцца з багатай гісторыка-культурнай спадчынай, прамысловым патэнцыялам найстаражытнейшага з гарадоў Беларусі.

Маладыя людзі пабывалі на прадпрыемствах рэгіёну (філіялах ААТ «Магатэкс», «Вясна-энерго»), установах адукацыі (Полацкім эканамічным каледжы, Полацкім РЦДМ), наведалі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, прынялі ўдзел у майстар-класах і інтэрактывах.

У ходзе адкрытага дыялогу «Мы – адзіныя!» былі абмеркаваны актуальныя праблемы маладых спецыялістаў і выказаны прапановы па ўдасканаленні форм і метадаў работы з маладымі кадрамі, забеспячэнні іх сацыяльна-працоўных гарантый, падтрымцы і стварэнні ўмоў рэалізацыі маладзёжных праграм і праектаў.

Святаслаў Сушыцкі:

– Упершыню на такім форуме. Мерапрыемства значнае, актуальнае. Было цікава вывучыць вопыт калег, працу з моладдзю ў Полацкім філіяле ААТ «Магатэкс».

Вераніка Варанюк:

– Цікава было пазнаёміцца з вытворчасцю, вывучыць, якія ўмовы створаны для маладых спецыялістаў. Рабят цікавілі прывілеі, сацыяльныя выплаты. Спадзяюся, што форум стане штуршком для новых ідэй і праектаў.

Арцём Аўтухоў:

– Спадабаўся фармат правядзення форуму. Мы пазнаёміліся з вытворчасцю, гісторыка-культурнай спадчынай горада, памятнымі мясцінамі. Гэта выдатная магчымасць пагутарыць з моладдзю з іншых рэгіёнаў, падзяліцца ўражаннямі, пераняць вопыт.

Для 84 маладых спецыялістаў з Віцебска, Оршы, Віцебскага, Сенненскага, Бешанковіцкага, Лепельскага, Чашніцкага, Талачынскага раёнаў, якія робяць свае першыя крокі ў прафесіі ў сферах адукацыі, медыцыны, будаўніцтва, транспарту, сацыяльнай, лясной і сельскай гаспадаркі, у Навалукомлі была арганізавана экскурсія на завод керамзітавага жвіру, адбыліся зносіны з маладымі работнікамі. Тут для іх ёсць шэраг прэферэнцый. Выпускнікі, якія прыбылі на працу, праходзяць стажыроўку пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў. Для маладых спецыялістаў у калектыўным дагаворы існуюць льготы: гэта даплата на час абавязковай адпрацоўкі, павышаная аплата працы на перыяд вытворчага навучання, дадатковыя сацыяльныя льготы – напрыклад, выдзяленне беспрацэнтнага пазыкі на набыццё кватэры, частковая кампенсацыя кошту арэнды жылля і іншыя.

Удзельнікі форуму пазнаёміліся таксама з працай унікальнага цэнтра «Альтэрнатыва». Гэты інавацыйны адукацыйны праект дае магчымасць усім суб'ектам прафілактыкі на інтэрактыўных пляцоўках, навучальных трэнажорах, апаратна-праграмных комплексах у даступнай форме прадставіць інфармацыю аб неабходнасці весці здаровы і бяспечны лад жыцця. Маладыя спецыялісты прызнаваліся, што дзякуючы знаёмству з «Альтэрнатывай», маглі б укараняць гэты каштоўны вопыт і ў сваіх сферах дзейнасці.

Прадпрымальнік Максім Калінін распавёў хлопцам пра свой шлях да мары, якая некалі здавалася недасяжнай. У будынку былога кінатэатра ён стварыў у Новалукомлі цэнтр сямейнага адпачынку і забаў «Электрон», дзе ёсць усё самае сучаснае і лепшае. А тое, што тут дзеці пры ўдзеле супрацоўнікаў МНС могуць вывучаць асновы бяспекі жыццядзейнасці і ёсць магчымасць праводзіць масавыя мерапрыемствы, робіць яго не толькі забаўляльным, але сацыякультурным цэнтрам.

У Новалукомскім Палацы культуры ўдзельнікі форуму прымалі ўдзел у народным абрадзе «Разгары», далучыліся да творчага праекта па саладапляценні Чашніцкага дома рамёстваў – стварэнню ў Год народнага адзінства рукатворнага «Чары адзінства», удзельнічалі ў майстар-класах па вышыўцы і валянні з воўны.

Дыялогавая пляцоўка «Адзінства моладзі – сіла Беларусі» на завяршэнне насычанага падзеямі дня стала месцам выступленняў і дыскусій. Першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Бабічаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, сказаў:

– Толькі ў сяброўстве, у адзінай камандзе ў вас будуць нараджацца новыя ідэі, як яны нараджаюцца ў Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі. Бо ўсе цікавыя ініцыятывы прыдуманы такімі ж хлопцамі, як вы. БРСМ заклікае вас генерыраваць ідэі і разам на яго платформе і з нашай дапамогай увасабляць іх у жыццё.

Уладзімір Бабічаў таксама распавёў пра найбольш значныя перспектыўныя праекты моладзевай арганізацыі. Фіналам года, адзначыў моладзевы лідар, стане першая абласная моладзевая прэмія БРСМ, дзе ўзнагароды атрымаюць лепшыя ў 8 напрамках дзейнасці.

Старшыня Новалукомскага гарвыканкама Віталь Фадееў паведаміў, што за апошнія 10 гадоў у горадзе ўзведзена 13 шматкватэрных жылых дамоў, свае жыллёвыя ўмовы палепшылі 596 сем'яў, з іх 343 – маладыя. Практычна ўсім маладым спецыялістам прадастаўляецца арэнднае жыллё. Тут іх чакаюць: напрыклад, у Палацы культуры, спартыўным комплексе, на прадпрыемствах з высокім узроўнем заробку.

Якой апорай для чалавека можа быць прафсаюзная арганізацыя? Што такое патрыятызм? Якія праекты ажыццяўляюць ці толькі задумваюць маладыя спецыялісты? Гэтыя і іншыя пытанні жыва абмяркоўвала моладзь і эксперты на дыялогавай пляцоўцы.

У Докшыцкім раёне маладыя спецыялісты з Браслаўскага, Бешанковіцкага, Глыбоцкага, Лепельскага, Пастаўскага, Ушацкага і Шаркаўшчынскага раёнаў сустрэліся ў Бегамльскай СШ. Менавіта тут, у сталіцы партызанскага краю, і адбылося знаёмства актывістаў, у руках якіх – будучыня блакітнавокай Беларусі.

– Кожны раён нашай краіны мае сваю асаблівасць, – сказала ў прывітальным слове старшыня Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. – Маладзёжны марафон – выдатная магчымасць пазнаёміцца са знакавымі мясцінамі роднай краіны, сустрэцца з равеснікамі, абмяняцца вопытам у пачатку працоўнага жыцця. У нашай краіне многае прадугледжана для развіцця моладзі, яе актыўнага адпачынку. Для рэалізацыі гэтых магчымасцей патрэбна толькі жаданне, чаго шчыра жадаю ўсім удзельнікам форуму.

Падзяліўшыся на групы, маладыя спецыялісты адправіліся на экскурсіі ў Бегамльскі музей народнай славы, завод “Ветразь”, Бегамльскі лясгас і “Віцебскторф”. У кожным пункце – фота-чэлендж па складанні фігуры адпаведна нумару сваёй рабочай групы, а таксама стварэнне творчай калектыўнай работы. Так, у лясгасе ўсе разам упрыгожвалі елку цацкамі ў выглядзе карт раёнаў вобласці, а на “Ветразі” ахвотныя навучыліся, а некаторыя паказалі майстар-клас па карыстанні адвёрткай, выпісваючы на пано слова “мы”. Дарэчы, свае работы групам трэба было яшчэ і абараніць на фінальнай частцы мерапрыемства.

Зноў усіх разам сабрала патрыятычная акцыя на мемарыяльным комплексе “Праклён фашызму” ў Шунеўцы. Па традыцыі тут кожны адламаў кавалачак хлеба Памяці, які сімвалізуе сувязь паміж загінулымі ў гады вайны і жывымі, а да помніка пастаўлены лямпадкі.

Форум працягнуўся ў кіна-канцэртнай зале “Іскра”, дзе спачатку гасцей пазнаёмілі з магчымасцямі моладзі Докшыччыны рэалізаваць сябе ў розных напрамках.

Экспертамі падчас адкрытага дыялогу выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая, старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак і іншыя. Яны абмеркавалі з моладдзю пытанні патрыятызму, ролі сям'і і веры, успомнілі свае першыя крокі ў працоўным жыцці, падзяліліся парадамі, як рэалізаваць творчыя планы і ідэі.

Аляксандр Касцюк, муляр Докшыцкай ПМК-52:

– Падчас форуму пазнаёміўся не толькі з маладымі спецыялістамі з іншых раёнаў, але і нашага. Цікава было даведацца, чым жыве моладзь па-суседску, чым захапляецца, дзе і як праводзіць вольны час. Калі наведвалі прадпрыемствы, з гонарам для сябе адзначыў, што нам сапраўды ёсць чым ганарыцца: і слаўнай гісторыяй, і перспектывамі вытворчасці, і знакамітымі землякамі.

Марыя Беляева, настаўніца Крулеўшчынскай СШ:

 – Родам я з Сянна. Для мяне форум стаў вельмі карысным, столькі цікавага даведалася пра раён, у якім пачала свой працоўны шлях. Асабліва спадабаліся прэзентацыі секцый і гурткоў па інтарэсах. Моладзі сапраўды ёсць дзе рэалізаваць сябе, галоўнае – не сядзець на месцы, а самім быць актыўнымі і ўпэўнена ісці да мэты.

"Віцебскія весці"