Трое чалавек выратаваны на пажары ў Воршы
28 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Дзве жанчыны і мужчына выратаваны пры пажары ў Воршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры прапаганды і навучання пры Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Здарэнне адбылося днём 27 ліпеня ў двухпакаёвай камунальнай кватэры на першым паверсе чатырохпавярховага дома. У выніку пажару ніхто не пацярпеў. Усе трое выратаваных на момант узнікнення пажару моцна спалі пасля ўжывання алкаголю, ратавальнікам давялося іх выцягваць з задымленага памяшкання прама з ложкаў. Эвакуацыя жыльцоў з суседніх кватэр не запатрабавалася.
Як устаноўлена, гаспадынямі пакояў у камуналцы з'яўляюцца жанчыны 1990 і 1966 гадоў нараджэння, абедзве беспрацоўныя, з адной з іх пражываў выратаваны мужчына 1981 года нараджэння, таксама непрацуючы. Па сведчанні суседзяў, жыльцы камунальнай кватэры злоўжываюць спіртным.
Папярэдняй прычынай здарэння разглядаецца неасцярожнасць пры курэнні сваяка адной з жанчын, які ў той дзень прыходзіў да яе ў госці. У выніку пажару пашкоджаны канапа і сцены ў адным з пакояў кватэры.-0-