Тры экіпажы прэтэндуюць на тытул чэмпіянату Беларусі па ралі

18 снежня, Мінск /Кацярына Жыляніна - БЕЛТА/. Заключная гонка сёлетняга чэмпіянату Беларусі па ралі - "Азёрны край" - пройдзе ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці 19 снежня. У ралі возьмуць удзел гоншчыкі з Беларусі, Расіі, Літвы і Украіны, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар камітэта пазадарожных спаборніцтваў Беларускай аўтамабільнай федэрацыі Даніла Далматаў. Зімовая гонка пройдзе ў аднадзённым фармаце. Маршрут пятага этапу чэмпіянату краіны ўяўляе сабой двухразовы праезд па трох спецучастках, размешчаных усяго за 20 км на поўнач ад Браслава. Агульная працягласць складае 200 км, з якіх 82 км прыпадаюць на заліковую дыстанцыю маршруту, якая і вызначыць новага чэмпіёна краіны па ралі. На тытул прэтэндуюць адразу тры экіпажы: Сяргея Аўчыннікава, Андрэя Галабародзькі і Юрыя Грышчанкова. Пасля чатырох этапаў лідарам заліку з'яўляецца экіпаж Сяргея Аўчыннікава, на рахунку якога 141 бал. Юрый Грышчанкоў набраў 98 балаў, а Андрэй Галабародзька - 89. Папярэдні, 4-ы этап чэмпіянату Беларусі па ралі, адбыўся ў кастрычніку ў г.п. Ушачы Віцебскай вобласці. Пераможцам у абсалютным заліку і ў класе Б12 стаў экіпаж у складзе Андрэя Галабародзькі і Уладзіміра Булойчыка.-0-