Тры маладыя графіцісты прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за свае малюнкі
19 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску трое юных графіцістаў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за свае малюнкі. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшы памочнік пракурора Кастрычніцкага раёна Віцебска Ларыса Мішанская.
У адзін з сакавіцкіх дзён трое непаўналетніх сяброў вырашылі прагуляцца позна ўвечары па сваім родным горадзе. Асаблівай мэты таварышы не мелі, таму, каб некалькі разнастаіць сумную прагулку, вырашылі ўпрыгожыць розныя аб'екты па Маскоўскім праспекце і вуліцы Леніна, якія сустрэліся ім на шляху, сваёй творчасцю. У поле зроку маладых людзей трапілі жылыя дамы, прыпынкі грамадскага транспарту, рэкламныя шчыты, розныя ўстановы, родная школа і нават будынак РАУС. Праявіць фантазію хлопцы не змаглі, пакінуўшы на сценах прымітыўныя "наскальныя" малюнкі (крыжы, зорачкі і г.д.), фразы з любімых песень і нецэнзурную лаянку. Апошнія кроплі фарбы "мастакі" патрацілі на аўтамабіль, які, на іх думку, быў няправільна прыпаркаваны. А каб уладальніку не павадна ў будучыні было так ставіць сваю машыну, хлопцы яшчэ і паскакалі па ёй. Хоць маршрут графіцістаў ляжаў далей, але менавіта ў той момант прадстаўнікі праваахоўных органаў, выкліканыя грамадзянамі, перапынілі "творчы" ваяж.
За апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт.341 КК РБ) і хуліганства, здзейсненае групай асоб (арт.339 ч.2), двое падлеткаў 15 і 16 гадоў асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі ўмоўна, а іх 18-гадовы на момант вынясення прысуду таварыш (як грамадзянін Расіі) пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь (цяпер адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.). Акрамя таго, бацькі юных правапарушальнікаў пакрылі каля Br800 тыс. за нанесены ўрон. Характэрна, што хлопцы значацца на добрым рахунку ў сваёй навучальнай установе і раней праблем з законам не мелі.
Як падкрэсліла Ларыса Мішанская, у Віцебску гэта першы выпадак прыцягнення графіцістаў да крымінальнай адказнасці. Раней усё пакаранне хлопцаў зводзілася да адміністрацыйных пратаколаў і прафілактычных гутарак.
У абласным цэнтры налічваецца каля 40 юных графiтыстаў, якiя трапiлi ў поле зроку мiлiцыi за творчасць у непрызначаных месцах. У цяперашнi час улады горада вырашаюць пытанне аб выдзяленнi падлеткам прыдатных для роспiсу аб'ектаў.-0
-