Тры найлепшыя сацыяльныя педагогі прадставяць Віцебскую вобласць на конкурсе ў Мінску

25 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тры сацыяльныя педагогі з раённых устаноў адукацыі заваявалі права прадстаўляць Віцебскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу "Сацыяльны педагог Рэспублікі Беларусь-2009", які пройдзе ў лістападзе ў Мінску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным Інстытуце развіцця адукацыі. Найлепшыя сацыяльныя педагогі вобласці сталі вядомыя па выніках абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства, у якім прынялі ўдзел сем спецыялістаў. Пераможцам стала Ірына Азарава са сярэдняй школы №18 імя Ефрасінні Полацкай (г. Полацк), другое і трэцяе месцы журы прысудзіла Людміле Хілько з Браслаўскай гімназіі і Алене Мінчуковай са сярэдняй школы №2 Навалукомля (Чашніцкі раён). Удзельнікі абласнога фіналу выконвалі некалькі конкурсных заданняў: прэзентавалі свае навыкі і ўменні ў конкурсе самапрэзентацыі, праводзілі выхаваўчыя мерапрыемствы ў незнаёмай аўдыторыі, а таксама прайшлі тэсціраванне па педагогіцы і псіхалогіі і абаранілі свае сацыяльна-педагагічныя праекты. Усе педагогі прадэманстравалі вялікі творчы патэнцыял, прафесіяналізм і высокі ўзровень культуры, таму журы апынулася ў няпростай сітуацыі пры размеркаванні прызавых месцаў, адзначылі ў інстытуце. Пры гэтым члены журы асабліва адзначылі актуальнасць і значнасць прадстаўленых удзельнікамі сацыяльна-педагагічных праектаў. Пераможца Ірына Азарава рэалізуе праект "Мастацтва жыць у сям'і", мэтай якога з'яўляецца арганізацыя сумеснай працы сям'і і школы па выхаванні і развіцці дзяцей. Людміла Хілько прадставіла праект "Прафесійнае самавызначэнне вучняў гімназіі сродкамі мадэрнізацыі прафарыентацыйнай работы", які прадугледжвае стварэнне школьнага прафарыентацыйнага цэнтра і магчымасць атрымання кваліфікаванай дапамогі ў самавызначэнні вучням і іх бацькам. Алена Мінчукова распрацавала праект "Супрацьстаянне", накіраваны на прафілактыку залежнасцей у падлеткавым асяроддзі, забеспячэнне фарміравання фізічна, псіхічна і маральна здаровай асобы, а таксама аздараўленне абстаноўкі ў дэструктыўных сем'ях.-0-