Тры малочныя прадпрыемствы Віцебскай вобласці плануюць у 2010 годзе прайсці сертыфікацыю згодна з патрабаваннямі ЕС

19 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Тры прадпрыемствы малочнай галіны Віцебскай вобласці маюць намер у 2010 годзе пацвердзіць якасць сваёй прадукцыі патрабаванням Еўрасаюза, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік па вытворчых пытаннях генеральнага дырэктара Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" Алена Ліфарь. Атрымаць сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005 на сухое малако мае намер ААТ "Полацкі малочны камбінат", на малочныя кансервы - ААТ "Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат", на жывёльны алей і цвёрдыя сыры, якія выпускаюцца на Шумілінскім філіяле, ААТ "Малако" (Віцебск). У цяперашні час на гэтых прадпрыемствах выконваецца цэлы спектр работ для праходжання сертыфікацыі: рыхтуюцца вытворчыя і складскія памяшканні, правяраецца афармленне і вядзенне дакументацыі, павышаецца прафесійная падрыхтоўка работнікаў усіх узроўняў. Запрасіць сертыфікацыйную групу літоўскага органа па сертыфікацыі, акрэдытаванага пры Нацыянальным бюро Літоўскай Рэспублікі і ўпаўнаважанага ЕС праводзіць аўдыт і выдаваць сертыфікаты адпаведнасці еўрапейскім патрабаванням якасці і бяспекі, плануецца ў маі. Акрамя таго, у цяперашні час вызначаецца пералік іншых прадпрыемстваў канцэрна, якім у бліжэйшы час таксама трэба будзе прайсці аналагічную сертыфікацыю. Пакуль у яго ўвайшлі Віцебскі мясакамбінат і Лепельскі малочнакансервавы камбінат, адзначыла суразмоўніца. Праходжанне сертыфікацыі на адпаведнасць патрабаванням ЕС для беларускіх прадпрыемстваў з'яўляецца прызнаннем высокай якасці іх прадукцыі, якое адкрывае дарогу на рынкі еўрапейскіх краін. Першым у Беларусі сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005 атрымала ў лістападзе мінулага года ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод".-0-