Тры новыя распрацоўкі кафедры ткацтва ВГТУ ўкаранёны ў вытворчасць на Аршанскім льнокамбінаце

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Аршанскі льнокамбінат звязвае даўняе і плённае супрацоўніцтва. Толькі летась кафедра ткацтва прапанавала тры новыя тэхналогіі вытворчасці ільнозмяшчальнай пражы, якія з дапамогай спецыялістаў прадпрыемства ўкаранёны ў вытворчасць.

— Галоўная задача заключалася ў стварэнні такой прадукцыі, якая магла б не толькі канкурыраваць з сусветнымі аналагамі, але і пераўзыходзіць іх па сваіх уласцівасцях і знешнім выглядзе. І яна выканана, — расказала кіраўнік гэтых навукова-даследчых работ старэйшы выкладчык кафедры Наталля Акіндынава. — Атрыманы дэкаратыўныя тканіны і вырабы, у якіх выкарыстоўваюцца як традыцыйныя ільняныя пражы, так і катонізаваныя. Паясню, што гэта такое: па якасці — лён з усімі яго выдатнымі ўласцівасцямі, па выглядзе — бавоўна.

Грубае ільнавалакно наразаецца на дробныя кавалачкі, і з яго атрымліваюцца ніткі больш раўнамерныя, без характэрных патаўшчэнняў. Новыя тэхналогіі дазваляюць выпускаць дэкаратыўныя тканіны складаных структур — двухслаёвыя, аб'ёмныя, якія ідуць на выраб пледаў, тканіны новых структур (спалучэнне габеленавых і двухслаёвых перапляценняў) для сталовых сурвэтак з шматколерным афармленнем, парцьерныя двухслаёвыя жакардавыя тканіны з двухбаковым малюнкам. У 2014 годзе мы сумесна з льнокамбінатам працягнем распрацоўку парцьерных і шматколерных тканін для покрываў.

Ларыса Волкава, "Віцьбічы"