Тры школьнікі з Віцебскай вобласці сталі стыпендыятамі фонду нобелеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава
Школьнікі з Віцебска і Чашнікаў сталі стыпендыятамі Фонду падтрымкі адукацыі і навукі, заснаванага нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гімназіі №1 Віцебска Валянціна Шырокая.
Пераможцы міжнародных канферэнцый, прызёры рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па фізіцы і хіміі віцябляне Антон Путаў, Любоў Юдасіна і юны жыхар Чашнікаў Мікіта Дубко атрымалі ад слыннага фізіка запрашэнне прыняць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў стыпендыятаў фонду.
Атрыманне беларускімі школьнікамі стыпендыі Алфёраўскага фонду з'яўляецца высокай ацэнкай як для саміх вучняў, так і для іх педагогаў.
15 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Школьнікі з Віцебска і Чашнікаў сталі стыпендыятамі Фонду падтрымкі адукацыі і навукі, заснаванага нобелеўскім лаўрэатам Жарэсам Алфёравым, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гімназіі №1 Віцебска Валянціна Шырокая.
Мэтай фонду з'яўляецца падтрымка фундаментальных даследаванняў у галіне фізікі, жыццёва неабходных для развіцця эканомікі. Матэрыяльную аснову фонду складае частка Нобелеўскай прэміі, якую Жарэс Алфёраў атрымаў у 2000 годзе. Пераможцы міжнародных канферэнцый, прызёры рэспубліканскіх прадметных алімпіяд па фізіцы і хіміі віцябляне Антон Путаў, Любоў Юдасіна і юны жыхар Чашнікаў Мікіта Дубко атрымалі ад слыннага фізіка запрашэнне прыняць удзел не толькі ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў стыпендыятаў фонду 18 сакавіка, але і ў навуковым сімпозіуме на тэму "Гетэраструктуры: фундаментальныя даследаванні і інавацыйныя перспектывы", які пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 16-17 сакавіка.
Як адзначыла Валянціна Шырокая, атрыманне беларускімі школьнікамі стыпендыі Алфёраўскага фонду з'яўляецца высокай ацэнкай як для саміх вучняў, так і для іх педагогаў. Жарэс Алфёраў падчас свайго візіту ў Віцебск наведваў гімназію №1 і назваў яе "узорам у арганізацыі навучальнага працэсу".
Жарэсу Алфёраву, вядомаму фізіку і грамадскаму дзеячу, лаўрэату Нобелеўскай, Ленінскай прэмій, прэміі "Глабальная энергія", кавалеру многіх высокіх узнагарод, ураджэнцу і ганароваму грамадзяніну Віцебска 15 сакавіка споўнілася 80 гадоў. Ён з'яўляецца аўтарам фундаментальных прац у галіне фізікі паўправаднікоў, паўправадніковай і квантавай электронікі, тэхнічнай фізікі. Яго навуковыя распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне і выкарыстоўваюцца ў мабільных тэлефонах, аптычна-валаконнай сувязі, прайгравальніках кампакт-дыскаў, дыскаводах камп'ютараў.-0-