Тры ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці ўдзельнічаюць у пілотным праекце па арганізацыі харчавання ў школах

Мэта праекта - вывучыць смакавыя перавагі школьнікаў і ўдасканаліць арганізацыю харчавання.

У адпаведнасці з пастановай, падпісанай прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, у пілотным праекце возьме ўдзел 21 установа адукацыі — па тры ў кожнай вобласці і тры ў Мінску.

У Віцебскай вобласці пляцоўкамі рэспубліканскага пілотнага праекта стануць гімназія № 1 Віцебска імя Ж. І. Алфёрава, сярэдняя школа № 2 Гарадка імя А. П. Сабалеўскага і Добрамыслінская сярэдняя школа імя Л. П. Ціхмянава Лёзненскага раёна.

Сутнасць новых падыходаў у тым, што першы прыём ежы школьнікі будуць атрымліваць пазней (прыкладна праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў), і гэта будзе абед. Паколькі дзеці прыходзяць у школу, паеўшы дома, прыгатаваныя стравы часта застаюцца незапатрабаванымі.
Колькасць прыёмаў ежы залежыць ад часу знаходжання ва ўстанове адукацыі. Так, пры знаходжанні ў школе ад 3,5 да 6 гадзін дзеці будуць есці адзін раз, ад 6 да 10 гадзін – два разы, больш за 10 гадзін – тры. Разам з тым ва ўстановах адукацыі, якія размешчаны ў сельскіх населеных пунктах, усе прыёмы ежы і іх час захоўваюцца. Мяркуецца, што дзённае і на яго аснове прыблізнае двухтыднёвае меню будуць распрацоўвацца з улікам смакавых пераваг па выніках анкетавання бацькоў і навучэнцаў.

Пілотны праект стартуе 19 снежня і завершыцца 30 красавіка 2023 года.

"Віцьбічы"