Тры вадаёмы Беларусі трапілі ў чорны спіс закрытых для купання зон адпачынку

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле даных спецыялістаў на 11 чэрвеня, купанне забаронена ў трох вадаёмах Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. У "чорны" спіс закрытых зон для купання трапілі рака Заходняя Дзвіна (за выключэннем зоны адпачынку парку "Мазурына" у Віцебску, а таксама рэк Лучоса і Віцьба. У летнія месяцы ў сувязі з інтэнсіўным размнажэннем мікраводарасцей і масавым купаннем насельніцтва пагаршаецца бактэрыялагічная якасць вады ў вадаёмах. У купальны сезон бактэрыялагічнае даследаванне вады ў вадаёмах у месцах масавага адпачынку праводзяць кожны тыдзень. Пры атрыманні двух нездавальняючых вынікаў аналізу вады тэрытарыяльнымі органамі дзяржнагляду выносіцца пастанова аб забароне купання. Адказнасць за выкананне пастановы ўскладаецца на арганізацыю, у веданні якой знаходзіцца вадаём. Эпідэміёлагамі ўстаноўлены нарматыў утрымання ў вадзе вадаёмаў бактэрый групы кішэчнай палачкі, пры выкананні якога купанне з'яўляецца бяспечным. Акрамя таго, вада не павінна ўтрымліваць узбуджальнікаў захворванняў, жыццяздольных яек гельмінтаў. На паверхні вадаёма не дапускаюцца плывучыя плёнкі, плямы мінеральных масел і назапашванне іншых прымесей. Вада не павінна мець неўласцівных ёй пахаў, а ўтрыманне хімічных рэчываў не можа перавышаць гранічна-дапушчальных канцэнтрацый.-0-