Трыццаць пяць кілаграмаў грыбоў у гадзіну - новы рэкорд Дрэтуньскага грыбнага чэмпіянату
18 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Трыццаць пяць кілаграмаў грыбоў за гадзіну – такі новы рэкорд Дрэтуньскага грыбнага чэмпіянату, устаноўлены сёння. Навіной з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Полацкага райвыканкама Дзмітрый Доўгаў.
Пераможцам стала каманда Баравухскага сельскага савета з чатырох чалавек, якая за 3,5 гадзіны сабрала 123 кг выдатных грыбоў – баравікоў, падасінавікаў і махавікоў.
Усяго ў спаборніцтвах, якія другі раз праходзяць у Полацкім раёне, прыняло ўдзел больш за 100 каманд. І нават самым нешчаслівым грыбнікам сёння ўдалося сабраць па 20 кг лясных дароў. Самы вялікі баравік пацягнуў на 800 г.
Прызоў і падарункаў на чэмпіянаце, як і грыбоў, хапіла ўсім. Мясцовыя ляснікі ў гонар свайго прафесійнага свята арганізавалі выставу сваёй прадукцыі. Творчыя калектывы раёна парадавалі гледачоў і ўдзельнікаў вясёлым канцэртам, а мясцовыя кулінары і знахаркі пачаставалі гасцей полацкімі стравамі і паілі ляснымі чайкамі.
Па словах Дзмітрыя Доўгава, папулярнасць Дрэтуньскага грыбнага фестывалю расце, таму праводзіць яго ў раёне будуць штогод. Магчыма, што гэтае вясёлае свята стане турыстычным брэндам раёна, бо чэмпіянаты па зборы лясных дароў даволі папулярныя ў Еўропе. У Фінляндыі спаборнічаюць у зборы не толькі грыбоў і ягад, але нават лясных кветак, а ў Літве нават праводзяць чэмпіянаты па начным зборы грыбоў. -0-