Трыццаць тры экіпажы ў Віцебскай вобласці намалацілі больш чым па тысячы тон збожжа
8 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У ходзе ўборачнай кампаніі ў Віцебскай вобласці тры экіпажы камбайнераў намалацілі ўжо звыш 1,5 тыс.т збожжа кожны, яшчэ 30 экіпажаў пераадолелі па намалоце мяжу ў 1 тыс.т. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Лідыруе па намалоце камбайнер Уладзімір Лапкоўскі з ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна, які, па даных на 8 жніўня, паклаў у засекі больш за 1,7 тыс.т збожжа новага ўраджаю, скасіўшы на New-Holland звыш 400 га. Няшмат яму саступае Анатоль Жылінскі з Лепельскай сартавыпрабавальнай станцыі. Працуючы на КЗС-1218, лепельчанін скасіў 334 га і намалаціў 1,6 тыс.т.
Сярод маладзёжных экіпажаў не саступаюць лідарства камбайнеры Сяргей Гапановіч і Аляксей Пілюшын з ААТ "Прудзінкі" Верхнядзвінскага раёна. Маладыя спецыялісты намалацілі амаль 1,2 тыс.т, працуючы на КЗС-1218. Каля 100 т ім саступае экіпаж братоў Аляксандра і Дзмітрыя Зябко з сельгаспрадпрыемства "Чашніцкае" аднайменнага раёна.
Усяго ў вобласці збожжавыя скашаны на плошчы звыш 268,5 тыс.га, што складае 60,8% плошчаў, якія падлягаюць уборцы. Намалочана больш за 863,3 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 32,2 ц/га, што на 11 ц/га перавышае аналагічны паказчык 2010 года. Першым у вобласці завяршыла ўборку ААТ "Белькаўшчына" Верхнядзвінскага раёна, дзе намалочана каля 4 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 32,7 ц/га.
Самая высокая ўраджайнасць адзначаецца ў СПК "Ларынаўка" Аршанскага раёна, дзе ў ходзе ўборкі атрымліваюць 62,1 ц/га (убрана 72% плошчы), што амаль удвая вышэй за сярэднеабласны паказчык па ўраджайнасці. Другім па ўраджайнасці ідзе СПК "Каўхоз "Альгоўскае" Віцебскага раёна, спецыялістам якога ўдалося выйсці амаль на 57 ц/га (каля 60% плошчы).-0-