Да канца года ў Віцебскай вобласці плануецца акцыянаваць трынаццаць дзяржпрадпрыемстваў

10 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Акцыянаванне 13 прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, размешчаных у Віцебскай вобласці, плануецца завяршыць да канца 2009 года, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Віцебскага тэрытарыяльнага фонду "Віцебскаблмаёмасць" Святлана Лукашэвіч. Усяго ў план прыватызацыі на 2009 год увайшлі 19 рэспубліканскіх прадпрыемстваў, з якіх ужо акцыянавана РУСХП "Агракамбінат "Юбілейны", завершаны работы і рыхтуецца рашэнне па стварэнні ААТ на базе РУП "Птушкафабрыка "Аршанская". З плана прыватызацыі выключаны 2 прадпрыемствы, акцыянаванне яшчэ двух суб'ектаў гаспадарання перанесена на 2010 год. На астатніх прадпрыемствах, у тым ліку РУПП "Віцязь", РУП "ВЗЭП", РУНПП "Маналіт", РУП "Аршанскі авіярамонтны завод", РУПП "Лёс", работы па акцыянаванні знаходзяцца ў завяршальнай стадыі, частка прадпрыемстваў ужо падрыхтавала праекты прыватызацыі. Пакуль застаецца пад пытаннем акцыянаванне РУП "Віцебскі доследна-эксперыментальны завод". Калектыў прадпрыемства выказаўся супраць пераўтварэння ў ААТ, бо цяпер прапрацоўваецца пытанне аб рэарганізацыі завода шляхам яго далучэння да аднаго з прадпрыемстваў энергетычнага комплексу. Калі рэарганізацыя не адбудзецца, работы па акцыянаванні гэтага РУП будуць адноўлены. З улікам вялікага аб'ёму рэфармавання фактычна ўсе прадпрыемствы пачалі падрыхтоўчыя работы яшчэ ў 2008 годзе. Фонд "Віцебскаблмаёмасць" арганізаваў цыкл навучальных семінараў для кіраўнікоў і службовых асоб. Гэта дазволіла правесці поўную і адэкватную ацэнку асноўных сродкаў, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемстваў, пазбегнуўшы памылак і неабходнасці іх выпраўлення ў ходзе рэфармавання. Як сведчаць вынікі праведзенай інвентарызацыі, на прадпрыемствах фактычна не ўстаноўлена буйных неўлічаных аб'ектаў нерухомасці. Гэта дае магчымасць кіраўнікам засяродзіць увагу на пошуку стратэгічных інвестараў і прыцягненні інвестыцый ужо на папярэдняй стадыі акцыянавання, адзначыла Святлана Лукашэвіч.-0-