Трынаццацігадовы хакер з Оршы абрабаваў электронны кашалёк айчыма аднакласніка

15 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Малады хакер з Оршы абрабаваў электронны кашалёк айчыма аднакласніка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА пракурор аддзела па наглядзе за дазнаннем пракуратуры Віцебскай вобласці Сяргей Алепкін. З электроннага кашалька EasyPay жыхара Оршы мясцовы 13-гадовы вучань 8-га класа выкраў звыш Br500 тыс. Прадуманасць і вынаходлівасць яго дзеянняў здзівілі нават дасведчаных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Так, пры падрыхтоўцы злачынства школьнік старанна вывучыў у сетцы Інтэрнэт інфармацыю аб рабоце плацежных сістэм і спосабах знішчэння слядоў злачынных дзеянняў, размешчаную на розных сайтах крымінальнай накіраванасці, распрацаваў і выкарыстаў спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе схаваць сляды злачынства ад міліцыі. Хакер праз Інтэрнэт пранік у камп'ютар аршанца і скапіраваў яго даныя, а ўкрадзеныя грошы перавёў у свой электронны кашалёк, зарэгістраваны на чужое імя. Па збегу абставін пацярпелым аказаўся айчым яго аднакласніка. У адпаведнасці з заканадаўствам крымінальная адказнасць наступае з 14 гадоў. Таму падлетку ўдалося пазбегнуць пакарання, хоць за здзейсненае ім злачынства Крымінальны кодэкс Беларусі (ч.2 арт. 212 "Хищение путем использования компьютерной техники, сопряженное с несанкционированным доступом к компьютерной информации") прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Цяпер выдатнік па дакладных навуках і ўзорны школьнік пастаўлены на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх і знаходзіцца пад асаблівым кантролем у праваахоўных органаў. Першапачаткова супрацоўнікі міліцыі думалі, што гэта злачынства здзейсніў старэйшы брат падлетка. Аднак у ходзе следства высветлілася, што больш таленавітым і менш законапаслухмяным аказаўся ўсё ж такі малодшы член сям'і.-0-