Пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак прыедзе на «Славянскі базар у Віцебску»

18 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Славянскі базар у Віцебску" пачуе трыумфальную "Казку" Аляксандра Рыбака. Нарвежац беларускага паходжання прыедзе на XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама. Аляксандр Рыбак і Frikar Dance Company заяўлены ў афішы канцэрта ўрачыстага адкрыцця 10 ліпеня. Акрамя таго, запланавана прэс-канферэнцыя з пераможцам "Еўрабачання" на традыцыйным "Зорным часе". На сцэне Летняга амфітэатра пройдуць 18 канцэртаў. Чакаецца, што іх паглядзяць каля 100 тыс. гледачоў. У афішах канцэртаў стаяць імёны Лары Фабіян, Сары Коннар, Райманда Паўлса, Дольфа Лундгрэна, Валерыя Лявонцьева, Мікалая Баскава, Розы Рымбаевай, Сафіі Ратару, Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Барыса Маісеева, Валерыя Меладзе, Надзеі Кадышавай. Па традыцыі ў праграме фестывалю адбудуцца канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны і Масквы. Аматараў тэатральнага мастацтва чакаюць сустрэчы з вядомымі творчымі калектывамі, а таксама артыстамі: Міхаілам Козакавым, Эмануілам Віторганам, Марыяй Аронавай. Сустрэчу з класічным мастацтвам падораць Ілзе Ліепа і артысты Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Расіі, Марыінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, маладыя зоркі ізраільскай оперы. XVIII Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 10 па 16 ліпеня. Гала-канцэрт урачыстага адкрыцця адбудзецца 10 ліпеня. Першы фестывальны канцэрт на Летнім амфітэатры дасць Валерый Лявонцьеў 9 ліпеня ў 22 гадзіны, а фестывальным эхам стануць "Зоркі радыё "Шансон" - канцэрт пад такой назвай апошні ў афішы XVIII "Славянскага базару ў Віцебску" і пройдзе ён 17 ліпеня.-0-