Пераможцы «Славянскага базару» павіншавалі свой любімы фестываль з юбілеем

13 ліпеня, Віцебск /Эдуард Півавар – БЕЛТА/. Трыумфатары "Славянскага базару ў Віцебску" павіншавалі з юбілеем фестываль, які даў ім творчы пуцёўку ў жыццё. Напярэдадні познім вечарам у Летнім амфітэатры адбыўся канцэрт пераможцаў і прызёраў віцебскага форуму розных гадоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

За 20 гадоў свайго існавання "Славянскі базар" адкрыў цэлую плеяду новых зорак. Не ўсе з іх змаглі прыехаць на 20-ы фестываль: цяпер гэта знакамітыя артысты, у якіх шчыльны гастрольны графік. Але большасць усё ж адклалі ўсе свае справы, каб зноў выйсці на сцэну, якая стала для іх шчаслівай.

Праграму "З юбілеем, фестываль!" адкрыў нязменны ўдзельнік усіх "Славянскіх базараў" Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Міхаіла Фінберга. Менавіта ў суправаджэнні гэтага калектыву на форуме адбываюцца конкурсныя баталіі. Але на цяперашнім канцэрце ўсе спаборніцкія перажыванні былі ўжо далёка ззаду.

Для святочнага канцэрта яго ўдзельнікі падрыхтавалі сюрпрызы. Уладальнік Гран-пры "Славянскага базару" 2004 года беларус Пётр Елфімаў выканаў сваю даўнюю мару – праспяваць на роднай зямлі арыю Хрыста з рок-оперы Эндру Лойда Уэбера "Ісус Хрыстос – суперзорка". На французскай мове прызналася ў любові да "Славянскага базару" Тэона Дольнікава – роўна 10 гадоў таму яна першай з прадстаўнікоў Расіі змагла атрымаць перамогу ў Віцебску. А першы беларускі пераможца Макс Ларэнс, які выступаў у 2003 годзе пад сваім ранейшым імем – Максім Сапацькоў, – прадставіў прэм'еру песні, якая была напісана ім менавіта ў 2003 годзе, але да цяперашняга канцэрта яшчэ ні разу не выконвалася.

Юбілейная праграма сабрала разам беларусаў Паліну Смолаву, Віталя Гардзея і Дзмітрыя Качароўскага, расіян Яўгена Гора, Аляксея Гомана і Дзіму Даніленку, серба Зікі, харвата Даміра Кеджо, літоўца Донатаса Монтвідаса, украінку Наталлю Краснянскую, паляка Себа Себасцьяна, румына Улада. Характэрна, што цяпер яны спявалі ў адной праграме з тымі, хто некалі ў якасці членаў журы ацэньваў іх конкурсныя выступленні: Ларысай Далінай, Тамарай Гвердцытэлі, Лаймай Вайкуле, Кім Брэйтбургам і іншымі метрамі эстрады.-0-