ТРА Саюзнай дзяржавы ўпершыню пакажа ў прамым эфіры канцэрты адкрыцця і закрыцця «Славянскага базару».
10 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Упершыню цырымонія адкрыцця і закрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе ў прамой трансляцыі на тэлеканале ТРО Саюзнай дзяржавы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры фестывалю.
Акрамя таго, штодня па два канцэрты "Славянскага базару" будзе трансліравацца на тэлеканале ў запісе.
Спадарожнікавы тэлеканал ТРО, заснаваны Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыяй Саюзнай дзяржавы, пачаў вяшчанне ў верасні 2007 года. Тэлеканал распаўсюджваецца ў найбуйнейшых кабельных сетках Масквы і на астатняй тэрыторыі Расіі аж да Уладзівастока і Петрапаўлаўска-Камчацкага. Яго глядзяць 20 млн. гледачоў.
Як паведамлялася, асвятляць мерапрыемствы "Славянскага базару ў Віцебску" будуць каля 600 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў. У ліку акрэдытаваных - журналісты з Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Кітая, Латвіі, Літвы, Украіны і іншых краін. Трансляцыю канцэртаў фестывалю будуць весці Белтэлерадыёкампанія і тэлеканал "Расія". Упершыню расійскія гледачы ўбачаць у поўным аб'ёме выступленні ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў. Акрамя таго, расіяне паглядзяць у запісе канцэрты адкрыцця, закрыцця фестывалю і дзён нацыянальных культур - Беларусі, Расіі і Украіны. Беларускія гледачы змогуць назіраць за фестывальнай феерыяй у прамым эфіры - усе канцэрты, акрамя сольных начных выступленняў, будуць трансліравацца па Першым канале.-0-