Трое школьнікаў прадставяць Віцебскую вобласць на рэспубліканскім этапе алімпіяды па фінансавай пісьменнасці

У нашай краіне Урадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь надаецца вялікая ўвага развіццю фінансавай пісьменнасці насельніцтва. Некалькі гадоў запар праводзяцца штогадовыя алімпіяды па фінансавай пісьменнасці сярод навучэнцаў 10-11 класаў устаноў адукацыі.

На Віцебшчыне прайшлі 3 этапы алімпіяды па фінансавай пісьменнасці. Наперадзе заключны рэспубліканскі этап, які пройдзе ва ўрачыстай абстаноўцы 15 снежня ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

Адметнай асаблівасцю сёлетняй алімпіяды стала яе правядзенне ў чатыры этапы, а колькасць заданняў па розных тэмах, узровень складанасці пытанняў вызначаліся па выніках аналізу мінулагодняй алімпіяды. Удасканалены і сам працэс яе правядзення: арганізацыйныя моманты, рэгламент, правілы, апісанне этапаў. Канверты з заданнямі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ўскрываюцца ў адзін і той жа час для захавання сакрэтнасці.

Алімпіядныя заданні накіраваны на праверку ведаў па такіх тэмах, як «наяўныя грошы», «зберажэнні», «пазыкі», «лічбавы банкінг», «Нацыянальны банк», «страхаванне», «падаткі», «інвестыцыі».

Віцебскую вобласць у заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды прадставяць пераможцы абласнога этапу: вучань 11 класа сярэдняй школы № 1 Лепеля Дзяніс Шнітко (1 месца), вучань 10 класа сярэдняй школы № 2 Сянно Дзмітрый Івашкоў (2 месца), вучань 11 класа сярэдняй школы № 1 Шаркаўшчыны Яўген Машнюк (3 месца).

Інтарэс да алімпіяды па фінансавай пісьменнасці з году ў год расце, бо асноўнай мэтай яе правядзення з'яўляецца стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, набыццё імі вопыту пазнавальнай, камунікатыўнай, практычнай і творчай дзейнасці.

Валерый Баталко,
галоўны спецыяліст эканамічнага
упраўлення галоўнага ўпраўлення
Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь
па Віцебскай вобласці.