Трое таленавітых навукоўцаў Віцебшчыны ўдастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2017 год

Усяго заахвочаны 94 чалавекі з усёй краіны. 

Віцебшчыну ў спісе самых годных прадставілі навуковы супрацоўнік Інстытута тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрый Баграц — за распрацоўку і асваенне тэхналогіі нанясення ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў на аснове нітрыду тытана на вырабы стаматалагічнага прызначэння з TiNi-сплаву з памяццю формы; дацэнт Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат біялагічных навук Алена Гусакова — за выяўленне новага механізму антыстрэсавага эфекту ёдзмяшчальных гармонаў шчытападобнай залозы ў крыві; загадчык кафедры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Аляксандр Казлоў — за распрацоўку новых спосабаў і метадаў кіравання асімптатычнымі характарыстыкамі лінейных нестацыянарных сістэм звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў з разрыўнымі і хутка зменлівымі каэфіцыентамі, якія спрыяюць эфектыўнаму вырашэнню пытанняў устойлівасці і стабілізацыі рухаў хутка асцылюючых фізіка-тэхнічных сістэм.


Памер прэзідэнцкіх стыпендый таленавітым маладым вучоным на 2017 год устаноўлены ў памеры 350 рублёў у месяц.

Віталь ШЫЕНОК, «Віцьбічы».