Трое жыхароў Віцебскай вобласці перавозілі 74 кг свежаскашанай каноплі

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Полацкія памежнікі і супрацоўнікі міліцыі Верхнядзвінскага раёна затрымалі трох мясцовых жыхароў, якія перавозілі ў аўтамабілі 74 кг свежаскашанай каноплі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага памежнага камітэта (ДПК) Беларусі. Праваахоўнікам стала вядома аб існаванні каноплянай плантацыі каля Заходняй Дзвіны. "Доўга чакаць не прыйшлося - ноччу ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў быў затрыманы аўтамабіль маркі "Рэно Меган", у якім знаходзіліся трое мясцовых жыхароў. З іншамаркі канфіскавана 74 кг свежаскашанай каноплі", - сказалі ў ДПК. Па гэтым факце пачаты следчыя мерапрыемствы. Як адзначылі ў камітэце, аднаму з затрыманых 17 гадоў, яшчэ двое - 1991 года нараджэння.-0-