Тралейбус з павялічаным аўтаномным ходам – трэнд гарадскога электратранспарту

Эксперыментальныя машыны з павялічаным аўтаномным ходам прыйшліся ў Віцебску даспадобы.

Сродкі перамяшчэння, якія працуюць на электрычнасці, сёння для Беларусі актуальныя як ніколі. Пацвярджае гэта і падпісаны нядаўна Прэзідэнтам Указ «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Яшчэ адзін вектар развіцця дадзенага напрамку — пасажырскі транспарт. Да прыкладу, з пачатку гэтага года па Віцебску ездзяць два эксперыментальныя тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам. Сачлененне‑гармошка, даўжыня — 18 метраў, кабіна ракетападобнай формы… Прыгажосць! Але галоўная вартасць навінкі «Белкамунмаша» ў тым, упэўнены яе кіроўца Сяргей Марчук, што яна можа праехаць без правадоў 15 кіламетраў — для гарадскога наземнага транспарту салідная адлегласць!

Зручна, мабільна, рацыянальна

Сяргей Мікалаевіч з'яўляецца ў салоне тралейбуса АКСМ 43300D Vitovt II за 15 хвілін да выезду ў рэйс — у кашулі і з гальштукам:

— Машына салідная, і кіроўца павінен выглядаць адпаведна. Твар горада ўсё ж такі!

Да 2020-га ў Віцебску было 69 тралейбусаў. З іх 4 — з павялічаным аўтаномным ходам і стандартным салонам. Калі ж паступілі новыя машыны, якія змяшчаюць 150 пасажыраў, у абласным цэнтры адкрылі маршрут № 12. Ён злучыў чыгуначны вакзал са спальным мікрараёнам Білева, дзе кантактнай сеткі няма. Там, тлумачыць Сяргей Марчук, моцныя бакі навінкі выявіліся ва ўсёй красе:

— Калі раней у сетцы абрыў — высаджваеш пасажыраў і чакаеш рамонту. Сёння тралейбус, аснашчаны электрычнай батарэяй, дазваляе ехаць нават там, дзе сеткі няма. Пакуль машына злучана з правадамі, батарэя зараджаецца і пазней дазваляе рухацца аўтаномна. З 14 кіламетраў свайго маршруту палову я праязджаю як на электробусе.



Праўда, батарэю электробуса неабходна зараджаць. Кошт зараднай прылады — больш за 150 тысяч даляраў. Тралейбус жа са павялічаным аўтаномным ходам, уступае ў размову Сяргей Мядзведзеў, дырэктар прадпрыемства «Гарадскі электрычны транспарт г. Віцебска», якое з'яўляецца філіялам ААТ «Віцебскаблаўтатранс», дазваляе прыстойна эканоміць:

— І не толькі на зарадных станцыях! У Віцебску, да прыкладу, хутка адкрыецца праезд з праспекта Будаўнікоў у мікрараён Білева. Каб пабудаваць там кантактную сетку для класічнага тралейбуса (апоры, правады, цягавыя падстанцыі), патрабавалася 8 мільёнаў рублёў. Але, маючы гібрыдныя тралейбусы, мы не сталі гэтага рабіць, а частку зэканомленых грошай пусцілі на развіццё нашага прадпрыемства.
Пры распрацоўцы эксперыментальных тралейбусаў-гармонікаў мінскім вытворцам за базу была ўзята мадэль 433, але начынне асаблівае — створанае спецыяльна для Віцебска.
Сяргею Марчуку ў эксперыментальнай мадэлі падабаецца і знешні выгляд, і начынне:

— Ход плаўны, сядзенне кіроўцы камфортнае! Педалі размешчаны так, што ногі не стамляюцца. Акрамя люстэркаў з падагрэвам, якія рэгулююцца аўтаматычна, устаноўлены відэакамеры. Яны дапамагаюць і за токапрыёмнікам на даху сачыць, і за дзвярыма. Бывае, стаіць мама з каляскай, а дапамагчы няма каму. Без праблем сам выйду, дапамагу занесці. Мы ж не толькі з механізмамі, але і з людзьмі працуем!


Тэхніка не перашкода творчасці

Цікава, што кіроўцам тралейбуса Марчук стаў выпадкова. Дзіцем з бацькамі ён пераехаў з Украіны ў Шумілінскі раён. Пасля заканчэння культпрасветвучэльні працаваў кіраўніком Лескавіцкага сельскага клуба. Вёў дыскатэкі. Артыстам стаць марыў. Але ў 1990-я, калі перабраўся да жонкі ў Віцебск, уладкавацца змог толькі слесарам у трамвайны парк:

— Там даведаўся, што ёсць курсы кіроўцаў. Вучэба ад заняткаў у аўташколе адрозніваецца не моцна. Толькі нельга забываць, што кіроўца тралейбуса па дзвюх дарогах ездзіць: ніжняя — асфальт, верхняя — кантактная сетка з «рогамі». Уставаць у 3.50 раніцы за 20 гадоў я ўжо прывык, моцная кава дапамагае ўзбадзёрыцца. Што ж тычыцца мары пра сцэну, то яна нікуды не знікла. З жонкай і двума сынамі абажаю спяваць у караоке. Гуляю на гітары, гармоніку, балалайцы. Пародыі нядрэнна атрымліваюцца. Неяк нават хацеў паўдзельнічаць у ТВ-перадачы «Расмяшы коміка», але па часе не склалася. Дарэчы, калі напярэдадні Новага года ў Віцебску прэзентавалі эксперыментальныя тралейбусы, я ў касцюм Дзеда Мароза пераапранаўся.



Таленты, упэўнены Сяргей Мікалаевіч, трэба дэманстраваць і развіваць:

— У мінулым годзе суседзі ўбачылі, што я на сцяне першага паверха намаляваў панду, і папрасілі ўпрыгожыць падобнымі кампазіцыямі ўсе пад'езды. У выніку наш дом стаў прызёрам па добраўпарадкаванні ў Першамайскім раёне. Абажаю дачу, рыбалку, падарожжы! Вывучыў гісторыю Віцебска. Калі б сказалі, што падчас руху па маршруце экскурсію трэба правесці, думаю, справіўся б.

Запас на будучыню

Яшчэ адзін эксперыментальны гібрыдны тралейбус «Белкамунмаша» у Віцебску чакаюць у канцы сакавіка. Акрамя таго, распавёў Сяргей Мядзведзеў, прадпрыемства набыло 10 тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам вытворчасці завода МАЗ:

— Яны не такія вялікія, але з-за таго, што батарэя на даху, даволі ёмістыя. Калі ў горадзе адкрыюць абноўлены Полацкі пуцеправод, абавязкова запусцім маршрут з Білева ў Ціраспаль. Адсутнасць кантактнай сеткі на вуліцы Ленінградскай не перашкодзіць. Тралейбус, на мой погляд, самы перспектыўны від транспарту: па экалагічнасці, затратах на абслугоўванне. Калі ўлічыць, што ў Беларусі хутка пачне працуе свая АЭС, будучыня адназначна за такімі машынамі.

ДАРЭЧЫ



Віцебскі тралейбусны маршрут № 12 — адзін з тых, дзе за паездку можна разлічыцца з выкарыстаннем смартфона пры дапамозе QR-кода. Нароўні з гэтым з 1 красавіка 2020 года ў трамваях і тралейбусах абласнога цэнтра маюць намер выкарыстоўваць традыцыйныя кампастэры і папяровыя талоны. Дызайн талонаў з выявай васілька, сімвала фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», ужо распрацаваны. Хутка яны паступяць у продаж. У перспектыве «Гарэлектратранспарт г. Віцебска» мае намер адмовіцца ад паслуг кандуктараў.