Трапічныя хваробы жывёл будуць вывучаць студэнты Віцебскай ветэрынарнай акадэміі ў новым навучальным годзе
8 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Студэнты Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў новым навучальным годзе пачнуць вывучаць хваробы трапічных жывёл, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы прарэктар ВНУ Расціслаў Кузьміч.
Увядзенне незвычайнага курса абумоўлена некалькімі фактарамі. Так, з кожным годам у ветэрынарную акадэмію паступае ўсё больш замежнікаў. Цяпер тут ужо навучаюцца 30 чалавек з дзесяці краін далёкага замежжа - Індыі, ЗША, Бангладэша, Ізраіля, Ірана і іншых. Сёлета да іх далучацца групы з Кітая і Туркменістана, вядуцца перамовы з Казахстанам. З'язджаць гэтыя маладыя спецыялісты павінны з самым поўным багажом ведаў, бо на радзіме ім давядзецца лячыць у большасці выпадкаў менавіта такія захворванні.
Разам з тым ведаць асаблівасці трапічных хвароб не менш важна і для нашых студэнтаў, падкрэсліў суразмоўца, бо ім таксама нямала даводзіцца лячыць экзатычных звяроў і птушак, якія належаць прыватным уладальнікам, заапаркам або цыркам. Акрамя таго, працяканне такіх захворванняў у мясцовых жывёл адрозніваецца.
Знаёміцца з новым прадметам студэнты будуць на пятым курсе, бо на заключным этапе навучання яны ўжо валодаюць ведамі па галоўных клінічных дысцыплінах і гатовы да іх больш глыбокага пазнання, дадаў Расціслаў Кузьміч.-0-