Цяжкія падлеткі Полацкага раёна прымуць удзел у праекце "З віртуальнасці - у рэальнасць"
Падлеткі Полацкага раёна 17 жніўня прымуць удзел у праекце "З віртуальнасці - у рэальнасць", прысвечаным 25-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.
Ваенна-патрыятычная гульня пройдзе на тэрыторыі лагера "Патрыёт", размешчанага на базе воінскай часці 2034 (Полацкага пагранатрада) у вёсцы Фарынава. Тут сабраліся 25 хлопцаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і на ўнутрышкольным уліку.
Стартуе праект пастановачнай інсцэніроўкай, якая ілюструе сітуацыю захопу воінамі Савецкай Арміі каравана са зброяй маджахедаў. У рэканструкцыі сцэн акрамя падлеткаў прымуць удзел полацкія пагранічнікі, а ў ролі куратараў выступяць воіны-інтэрнацыяналісты - удзельнікі той далёкай вайны.
Спаборніцкая частка праекта складаецца з трох этапаў, якія будуць адрознівацца па складанасці і тактыцы правядзення (простая гульня, гульня з элементамі выбухоўкі, тактычная гульня). У спаборніцтвах прымуць удзел чатыры каманды, у склад якіх таксама ўвойдуць воіны запасу, якія адслужылі ў шэрагах Узброеных Сіл Беларусі.
У ходзе ваенна-патрыятычнай гульні будзе выкарыстоўвацца спецыяльная зброя, заснаваная на працы бяспечнага інфрачырвонага выпраменьвальніка і датчыка-прыёмніка (абсталяванне новага пакалення прадаставіць полацкі ЛазерТаг-клуб "Легіён").
"Полацкі райвыканкам сумесна з Полацкім пагранатрадам прапанавалі сучаснай моладзі ўдзельнічаць у ваенна-патрыятычным мерапрыемстве, якое накіравана на фарміраванне грамадзянскасці, развіццё і ўмацаванне асабістых каштоўнасцей, а таксама з'яўляецца добрай альтэрнатывай пасіўным камп'ютарным гульням. Да таго ж гэта дадатковая магчымасць арганізацыі карыснага вольнага часу", - падкрэслілі ў выканкаме.
Цяпер у Полацкім раёне пражывае каля 400 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Афганістана.
Алена Ціханава